Папа Францішак асвяціў камень з Назарэта для новага касцёла ў Гомелі

Падчас нядаўняга візіту ad limina Apostolorum каталіцкіх біскупаў Беларусі ў Ватыкан Папа Рымскі Францішак асвяціў камень з Назарэта, які будзе закладзены ў падмурак новага каталіцкага храма ў Гомелі.

Пра гэта Пантыфіка папрасіў біскуп Казімір Велікаселец. Гэты невялікі камень ён прывёз раней з роднага горада Езуса Хрыста падчас нацыянальнай пілігрымкі ў Святую Зямлю. І цяпер аб асвячэнні каменя, прывезенага спецыяльна для будучага касцёла ў Гомелі, ён папрасіў Папу, распавёў іерарх katolik.life пасля вяртання з Рыма.

Адраджэннем ў абласным цэнтры гістарычнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі біскуп Казімір займаецца ўжо шмат гадоў, неўзабаве запланаваны пачатак будаўніцтва аднайменнага храма ў Савецкім раёне Гомеля. Раней касцёл знаходзіўся ў цэнтры горада, але быў узарваны прадстаўнікамі савецкай улады. Святары былі расстраляныя, многія вернікі былі рэпрэсаваныя і таксама забітыя або адпраўленыя ў ссылку.

Пакуль у 500-тысячным Гомелі ёсць толькі адзін каталіцкі храм, які ў нядзелі і асабліва ў вялікія святы не змяшчае ўсіх жадаючых удзельнічаць у святой Імшы.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі