Папа Францішак просіць у лістападзе маліцца за бацькоў, якія страцілі сваё дзіця

У лістападзе 2024 года Святы Айцец заклікае маліцца за бацькоў, якія перажылі страту свайго дзіцяці. Папа Францішак абвясціў і патлумачыў сваю інтэнцыю ў відэароліку Папскай сусветнай сеткі малітвы.

“Што можна сказаць бацькам, якія перажылі страту свайго дзіцяці? Як іх суцешыць? – Такіх слоў няма”, — заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што “калі адзін з сужонкаў губляе іншага, ён становіцца ўдаўцом ці ўдавой”, а “дзіця, якое страціла бацьку ці маці – сіратой”. “Для гэтага ёсць назва. Але не для бацькоў, якія згубілі дзіця: гэта настолькі моцны боль, што для яго нават не існуе назвы”, — сцвердзіў ён.

Папа Францішак падкрэсліў, што перажыць сваё дзіця – гэта ненатуральна, а боль такой страты асабліва глыбокі. “Словы суцяшэння часам гучаць банальна, сентыментальна і не прыносяць палёгкі. Нават сказаныя шчыра, з найлепшым намерамі, яны могуць толькі павялічыць рану. Каб суцешыць бацькоў, якія страцілі дзіця, трэба ўважліва слухаць іх, прабываць побач з любоўю, з адказнасцю дбаць пра іх боль, наследуючы Хрыста, які суцяшаў засмучаных. Гэтыя бацькі, падтрыманыя верай, безумоўна, могуць знайсці суцяшэнне ў іншых сем’ях, якія пасля такой жудаснай трагедыі адрадзіліся ў надзеі”, — сказаў Папа.

“Будзем маліцца, каб усе бацькі, якія аплакваюць смерць сына ці дачкі, знайшлі падтрымку ў супольнасці і атрымалі сардэчны спакой ад Святога Духа Суцяшыцеля”, — агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на лістапад Папа Францішак.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі