На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 17 верасня 2023 года прайшла ў Ватыкане, Папа заклікаў падтрымаць малітвай яго падарожжа ў Марсель.
Святы Айцец наведае гэты партовы горад на поўдні Францыі з 22 па 23 верасня з нагоды Міжземнаморскай сустрэчы, на якой збяруцца разам прадстаўнікі “касцёльных і грамадзянскіх уладаў рэгіёну, каб падтрымаць шляхі міру, супрацоўніцтва і інтэграцыі вакол mare nostrum” – Міжземнага мора – “з асаблівай увагай да феномена міграцыі”.
Папа падкрэсліў, што міграцыя – гэта “нялёгкі выклік, што паказваюць таксама навіны гэтых дзён, але на яго неабходна адказаць разам, паколькі ён з’яўляецца вельмі важным для будучыні ўсіх, якая будзе квітнеючай толькі тады, калі будзе пабудавана на братэрстве, ставячы на першае месца чалавечую годнасць, канкрэтных людзей, асабліва найбольш патрабуючых”.
Папа Францішак папрасіў суправаджаць яго падарожжа малітвай. Ён падзякаваў грамадзянскім і рэлігійным уладам, а таксама ўсім, хто займаецца падрыхтоўкай сустрэчы ў Марселе – “горадзе, багатым народамі, пакліканым быць портам надзеі”. “Ужо зараз вітаю ўсіх яго жыхароў, чакаючы сустрэчы са шматлікімі дарагімі братамі і сёстрамі”, — завяршыў свой зварот Пантыфік.
Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку