12 верасня парафія ў Параф’янаве (Докшыцкі дэканат) адзначыла фэст у гонар Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама 120 гадоў святыні. Нягледзячы на тое, што гэта была сярэдзіна тыдня і працоўны дзень, шмат вернікаў сабралася ў святыні. Незвычайным стаў гэты дзень для мясцовасці, бо на ўрачыстасць сабралася духавенства і манаскія асобы з Віцебскай дыяцэзіі на агульнадыяцэзіяльную сустрэчу са сваім ардынарыем.
Спатканне распачалося з прэзентацыі “Актуальныя выклікі для душпастырства сям’і”, якую прадставіў доктар тэалогіі і дырэктар фонда «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч. Падчас канферэнцыі былі ўзнятыя праблемы, якія турбуюць абаронцаў жыцця, а менавіта спосабы знішчэння чалавецтва. Ежа і гарманальныя прэпараты, знішчэнне сораму і эгаізм, залежнасць ад гаджэтаў, адхіленне сямейных каштоўнасцяў (развод, аборт, кантрацэпцыя і інш.), гендарная ідэалогія, правы дзіцяці (дазвол на змену полу ў дзяцінстве ў некаторых краінах) — усё гэта прыводзіць для зніжэння нараджальнасці. Спадар Валаховіч падказаў адзін са шляхоў выйсця – чалавеку заўсёды трэба памятаць, што ён мае не толькі цела, але яшчэ душу і дух. І трэба аб іх таксама клапаціцца.
Затым быў час на супольную з мясцовымі вернікамі ружанцовую малітву ў прысутнасці Езуса Эўхарыстычнага.
Урачыстую святую Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. “Дзякуем Богу за дар нашай Апякункі Найсвяцейшай Панны Марыі, Імя якой сёння ўшаноўваем. Адбываецца гэта ў святыні, дзе на працягу 120 год людзі шукалі сваіх шляхоў да Бога, дзе ядналіся з Ім, атрымліваючы сакраманты, умацоўваючы сваё сэрца і яднаючыся з Богам тут навекі. Дзякуем Богу за будаўнікоў і ўсіх тых, хто гэтую святыню ствараў як Жывы Касцёл”.
У гаміліі біскуп Алег паразважаў над асобай Марыі, распавёў пра значэнне імя, калі і як узнікла гэтае свята.
“Праз заступніцтва Божай Маці мы павінны адбудаваць хрысціянскую традыцыю продкаў. Яна застаецца той самай, якая калісьці сказала Богу “так”, якая дзякавала Богу і праслаўляла за вялікія рэчы. Яна і сёння застаецца надалей нашай Маці, стаўшы ёй пад крыжам Свайго Сына. Таму калі адкрыем Ёй нашыя сэрцы, паспрабуем ісці тым самым шляхам, якім ішлі нашыя продкі, мы, напэўна, адбудуем і добрае грамадства, і моцныя трывалыя сем’і. Не будзе клопату з тым, каго паклікаць і аддаць на служэнне Езусу як святара ці манахіню. А галоўнае, такім чынам мы можам спакойна, як надыдзе хвіліна, паглядзець смерці ў вочы, якая не будзе страшыць чалавека, але стане проста той брамай, прайшоўшы якую дасягнём радасці Божага Валадарства, — падкрэсліў іерарх і пажадаў: — Няхай далей заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Яе магутная малітва, Яе Імя, якое ў гісторыі неаднойчы ратавала чалавека ад загубы з безвыходных сітуацый, будзе нам той зоркай, якая дапаможа, прайшоўшы праз зямное жыццё, дасягнуць радасці ўдзелу ў жыцці Божым”.
Дзякуючы прысутнасці “Pro Christo”, “Дыялог” і “Добры пастыр”, святары і манахіні змаглі набыць неабходную духоўную літаратуру для сваіх парафіяльных супольнасцяў.
Анонсы на бліжэйшыя падзеі ў дыяцэзіі прадставіў канцлер курыі кс. канонік Віктар Місевіч, а біскуп Буткевіч уручыў два дэкрэты згодна з прызначэннямі: кс. Чэслаў Куцмеж SCJ прызначаны дыяцэзіяльным душпастырам цвярозасці ў Віцебскай дыяцэзіі, кс. канонік Сяргей Сурыновіч – віцэ-дэканам Віцебскага дэканата.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота