У нядзелю, 2 чэрвеня, па вуліцах Віцебска прайшла эўхарыстычная працэсія. Верныя з усяго Віцебска сабраліся ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага каб разам адзначыць свята Цела і Крыві Хрыста.
Святая Імша пачалася з урачыстага ўвахода ў касцёл духавенства на чале з біскупам, які благаслаўляў прысутных. Потым быў акаджаны алтар і прачытана ўступная малітва: “Вось я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку. Пасля чаго біскуп прывітаў прысутных святароў, сясцёр і іншых вернікаў, і запрасіў усіх асабліва маліцца ў гэты дзень “каб Божая Любоў разлілася па нашых месцах жыхарства і працы”.
Раптам, пасля чытання Евангелля, заспявалі птушкі, на секунду ўсе спыніліся з радасным усведамленнем – усё жывое хваліць Бога разам з намі. Пасля заканчэння птушынага спеву біскуп пачаў казанне.
У гаміліі біскуп Алег звярнуў увагу на надзею, якую дае нядзеля: “Езус сёння нам кажа, што Ён з’яўляецца гаспадаром шабату. Гэта для нас вельмі аптымістычна, таму што жыццё заўсёды гатовае падкінуць нам працу. Мы не можам прыйсці да касцёла, ці, нават засяродзіцца на больш глыбокіх рэчах, чым здабыванне грошаў. Таму Езус тлумачыць нам сёння, што не чалавек створаны для свету, а свет і ўсё, што ў ім створаны для чалавека. У гэтым ёсць вельмі важная праўда, што гэты свет і чалавек мае свайго гаспадара. Мы павінны пра гэта памятаць. Кожная філасофія, ідэалогія, якія выкідаюць Бога, заводзіць чалавека ў тупік. Таму перш чым зноў узгадаць праўду, што Езус – Божае Слова, застаецца з намі ў знаках хлеба і віна, трэба засвоіць, што гэтым светам кіруе Бог. Той, хто ёсць Любоўю. Таму, нягледзячы на тое, што мы сапраўды павінны падпарадкоўвацца прынятым нормам, таксама створаным Богам, перш за ўсё павінны кіравацца ў гэтым любоўю. Як казаў святы Аўгустын: “Любі і рабі што хочаш”. – сказаў біскуп.
Таксама ў гаміліі біскуп Алег падкрэсліў ролю працэсіі, як сведчанне веры і малітву за горад: “Калі ёсць хтосьці, хто верыць у моц Бога, які застаўся з намі, хто просіць, каб гэтая моц вылілася благаслаўленнем на яго, яго блізкіх, справы, якія ляжаць на сэрцы, Бог не можа адмовіць чалавеку. Таму сёння, калі пойдзем па вуліцах, няхай у нашых сэрцах будзе моц гэтай веры, няхай праз яе Езус выходзіць на вуліцу, няхай Божая Любоў сёння пральецца на наш горад. Пойдзем з малітвай, просячы Бога аб благаслаўленні для нас, усяго гораду, для кожнага чалавека, які шукае дабра ў сваім жыцці.” – запрасіў біскуп.
Працэсія пачалася — святары разам з вернікамі прайшлі па вуліцах горада несучы харугвы і ўшаноўваючы Найсвяцейшае Цела Хрыста спевам і малітвай. Працэсія мела 4 прыпынкі. Падчас стаяння каля алтароў спявалася Евангелле, гучала малітва і ўдзялялася благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам.
У канцы працэсіі ўсе разам заспявалі “Цябе Бога праслаўляем”. Біскуп Алег падзякаваў усім, хто дапамагаў у арганізацыі працэсіі, службе аховы здароўя, валанцёрам, музыкантам, якія суправаджалі працэсію, а таксама дзецям, якія ўпрыгожвалі працэсію кідаючы кветкі.
Фотарэпартаж Марыі Сырыца:
Фотарэпартаж Анатоля Бандарчука-Вошлава:
Лаліта Арлоўская, тэкст
