Па шляху святой Лізаветы Сэтон: 4 законныя сястры пройдуць больш за 1600 км. у пілігрымцы

Рыхтуючыся да нацыянальнага Эўхарыстычнага Кангрэсу, які адбудзецца ў Індыянаполісе (ЗША) 17-21 ліпеня 2024 года, чатыры сястры з кангрэгацыі «Дочкі Марыі» здзейсняць пілігрымку працягласцю амаль 1000 міль (больш за 1600 км). Сёстры праз сваю пілігрымку хочуць прасіць «блаславення Хрыста для Злучаных Штатаў».

Яны будуць ісці па шляху святой Лізаветы Энн Сэтон (1774-1821), першай карэннай амерыканкі, кананізаванай Каталіцкім Касцёлам. Гэта адзін з чатырох паломніцкіх маршрутаў, па якіх вернікі пройдуць з 19 мая, каб у сярэдзіне ліпеня дабрацца да Кангрэса ў сталіцы Індыяны. Агульная працягласць гэтых маршрутаў складае каля 6,5 тыс. міль (больш за 10 тыс.км) і ўключае наступныя маршруты: Марыйны (Паўночны шлях), св. Лізаветы Сэтон (Усходні), св. Хуана Дыега (Паўднёвы) і Sierra (Заходні шлях).

Ужо праз некалькі гадзін пасля таго, як інтэрв’ю з чатырма сёстрамі, было апублікавана ў каталіцкіх медыя Амерыкі, з’явіліся і першыя ахвярадаўцы. Сёстрам прапаноўвалі сярод іншага, новы зручны абутак для пераадолення доўгага маршруту, або дапамогу ў нясенні іх заплечнікаў паміж чарговымі этапамі на маршруце.

«Гэта знакі, праз якія Пан Езус кажа нам: «Так, я хачу, каб вы трапілі туды», — пракаментавала гэтыя паведамленні настаяцельніца кангрэгацыі «Дачок Марыі, Маці аздараўляльнай любові» (заснавана ў 2003 г.у Манчэстэры, Нью-Гэмпшыр), с. Марыя Максіміліян (56 гадоў), якая таксама пойдзе ў гэтую пілігрымку.

Умацаванне ў сэрцах амерыканскіх католікаў веры ў рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі — галоўная мэта кангрэса ў Індыянаполісе. Паводле статыстыкі даследчага цэнтра, звязанага з EWTN News, прыкладна 66% вернікаў вераць у гэтую прысутнасць. Хоць свецкі Pew Institute са спасылкай на крыніцы, дакладнасць якіх усё яшчэ абмяркоўваецца, паведаміў у 2019 годзе, што «толькі 49% амерыканскіх католікаў вераць, што падчас св. Імшы хлеб і віно сапраўды становяцца Целам і Крывёю Хрыста».

Між тым сваёй 1000-мільнай пілігрымкай сёстры хочуць «праславіць Езуса, каб увесь свет і ўсе людзі маглі наблізіцца да Яго». Яны таксама падкрэсліваюць, што, згодна з харызмай сваёй кангрэгацыі, хочуць «лячыць разбітыя сем’і і пары, каб яны сталі хатнім Касцёлам».

Яшчэ адна ўдзельніца пілігрымкі сястра Мірыям падкрэсліла, што «у наш час, калі ўсё стала «лёгкім», трэба прыкласці шмат намаганняў, каб пераадолець такі шлях пешшу, а не на самалёце. І гэта паказвае, як моцна мы любім нашага Пана. Шлях ад Канэктыкута да Індыянаполіса варта прайсці пешшу — Езус таго варты».

Айцец Роджэр Лэндры, студэнцкі капелан з Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку, які таксама збіраецца на Кангрэс, тлумачыць сведчанне сясцёр наступным чынам: «Гэтыя кансэкраваныя жанчыны вучаць усіх нас у Касцёле, як любіць Езуса ўсім сэрцам. Праз малітву, супакой і радасць, агульныя для ўсіх, і духоўнае мацярынства яны становяцца вялікай падтрымкай для нас, якія таксама падарожнічаем да Дому Айца».

Каб адправіцца ў такую далёкую пілігрымку, сёстры займаліся не толькі духоўнай, але і фізічнай падрыхтоўкай. 39-гадовая сястра Мірыям, перш чым далучыцца да кангрэгацыі, у 2018 годзе сама прайшла турыстычны маршрут працягласцю 1200 міль ва ўсходняй частцы краіны. У мінулым годзе ўсе чатыры сястры падняліся на тры гары ў Нью-Гэмпшыры, самая высокая з якіх — гара Эйзенхаўэр — мае вышыню каля 1500 метраў.

Па матэрыялах credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі