28 чэрвеня санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе наведалі ўдзельнікі мотапілігрымкі з Лагішына. Трое святароў здзяйсняюць прыватную пілігрымку ў Будслаў, наведваючы пры гэтым Брэст, Тракелі, Гудагай, Браслаў, Бялынічы, Баранавічы.
Святары – кс. Павел Ярашэвіч, кс. Юрый Медушэўскі, кс. Юзаф Парфяновіч – распачалі шлях 27 чэрвеня. А паколькі на матацыкле да Будслава можна даехаць за дзень, то святары вырашылі зрабіць пілігрымку больш працяглай і наведаць усе марыйныя санктуарыі Беларусі.
«Наш шлях пралягае ледзь не праз усю Беларусь, каб такім чынам мы маглі ахапіць малітвай усю нашу Бацькаўшчыну», – распавёў браслаўскім вернікам кс. Юрый Медушэўскі.
Святары моляцца ў санктуарыях, збіраюць інтэнцыі, у якіх таксама моляцца падчас шляху і якія завязуць у Будслаў. Свае просьбы да Маці Божай Будслаўскай маглі перадаць і вернікі браслаўскай парафіі.
Святлана Жылевіч, waladarka.by
Марына Маслоўская, фота
