У папярэднім артыкуле мы разгледзелі сінанімічныя пары, дзе адзін з кампанентаў – неалагізм. Гэта значыць, слова, якое пакуль яшчэ мае адценне навізны ў нашай мове, хоць і ўжываецца дастаткова часта, найперш у сродках масавай інфармацыі. Нагадаем, што гаворка ішла пра сінанімічныя лексемы каляска – вазок, узрыўчатка – выбухоўка, гасцініца – гатэль, забастоўка – страйк. Сёння мы прыгадаем іншыя сінанімічныя пары, якія таксама характарызуюцца досыць высокай прадуктыўнасцю ў сучаснай мове.
Так, па сутнасці з аднолькавай частотнасцю і ў вуснай камунікацыі, і ў публіцыстычным тэксце ўжываюцца назоўнікі веласіпед і ровар: Велатаксі (таксі-ровар) нярэдка называюць удасканаленымі рыкшамі (Наша ніва, 15.06.11); Скралі новы веласіпед коштам каля мільёна рублёў у 38-гадовай медсястры. А ў Баранавічах жанчына пакінула свой ровар каля крамы.., выйшла з пакупкамі – а ехаць няма на чым (Звязда, 29.06.11). Веладарожка без дарожкі для ровараў (Наша ніва, 02.11.11); Частку дарогі да Будслава Тадэвуш Кандрусевіч адолеў на ровары разам з мінскай веласіпеднай пілігрымкай (Наша ніва, 11.07.12); У Віцебску не адбылася запланаваная роварная экскурсія па гістарычных месцах горада… Арганізатар велапрабегу распавёў, што дагэтуль такія экскурсіі ладзіліся двойчы (Народная воля, 13.09.13).
Назоўнік ровар не падаецца пакуль у акадэмічных перакладных слоўніках, а Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (ТСБМ) фіксуе гэтую лексему з пазнакай абл. (Т.4, с. 710). Але на пачатку ХХІ стагоддзя слова істотна пашырылая ва ўжыванні. Яго падае “Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы” (аўтары – А. Баршчэўская і Л. Баршчэўскі, Мінск, 2010, с. 397) і акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012, с. 722). Фіксуецца згаданы назоўнік і ў мастацкіх тэкстах: Вецер. Прывёз хлапец на ровары / Курэй і мёду збан (Р. Барадулін); На каштане лісце шуміць, быццам ровар едзе па асфальце (У.Сцяпан).
Пры паралельным існаванні дзвюх сінанімічных лексем варыянт ровар мае ўсё ж пэўную перавагу: усяго два склады, карацейшы ў параўнанні з назоўнікам веласіпед, а гэта значыць, што дзейнічае прынцып моўнай эканоміі. Варта дадаць, што ў заходніх рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і на Віцебшчыне, назоўнік ровар прадуктыўна ўжываецца ўжо каля ста гадоў і паводле частотнасці выкарыстання значна апярэджвае лексему веласіпед. Тым больш што ёсць і слова раварыст, спалучэнне роварная дарожка. Слова ровар стала ўжо неад’емным фактам сучаснай вуснай і пісьмовай камунікацыі. Можна меркаваць, што ў падобных выпадках дзейнічае прынцып замяшчэння, калі ў кантэксце семантычныя адрозненні паміж словамі нівелюецца, што дазваляе пазбегнуць паўтораў і актуалізаваць новыя стылістычныя рэсурсы.
Яшчэ адная сінанімічная пара – імпрэза і мерапрыемства. Што праўда, часам тыя, хто карыстаецца традыцыйна беларускай мовай, дапускаюць памылку пры ўжыванні згаданых слоў. Справа ў тым, што ў асобных кантэкстах немагчымая іх узаемазамена, гэта значыць, што тоеснасць значэння гэтым словам неўласцівая. Так, напрыклад, мы ж не скажам, што Праводзілі імпрэзы па азеляненні тэрыторыі. Тут падыходзіць якраз словаформа мерапрыемствы. Але калі гаворка ідзе пра нешта ўрачыстае, святочнае, то сінанімічны патэнцыял названага назоўніка актуалізуецца ў поўнай меры: Вельмі пранізлівым атрымаўся фінал афіцыйнай часткі імпрэзы, калі выступоўцы раптам укленчылі… Мерапрыемства скончылася вясёлым салютам (Віцебскі праспект, 16.09.10); Сардэчна дзякуем літаратарам… за ўдзел у імпрэзе. Бо падобныя мерапрыемствы сапраўды яднаюць усіх прыхільнікаў прыгожага пісьменства… (Наша слова, 29.12.10); У бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася імпрэза ў рамках святкавання 100-годдзя беларускай паэткі Ларысы Геніюш, што цягам усяго году шэрагам мерапрыемстваў і падзей святкуецца па ўсёй Беларусі (Наша слова, 10.11.10); Напярэдадні Дня абароны роднай мовы па ўсёй Беларусі праходзяць адмысловыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму святу. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску адбылася імпрэза з удзелам Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча (Звязда, 19.02.11).
Заўважым, што выбар той ці іншай лексічнай адзінкі залежыць не ў апошнюю чаргу ад унутраных адчуванняў моўніка, ад сфарміраванага ў яго вобраза і асацыяцый, якія выклікае гэты вобраз у пэўных сітуацыях. І, несумненна, вялікае значэнне мае моўны густ чалавека. Зразумела, што лексема імпрэза стварае куды больш моцны эмацыйны фон, чым “казённы” назоўнік мерапрыемства.
Некалькі слоў пра яшчэ адну сінанімічную пару: сеціва – інтэрнэт. Адметнае беларускае слова сеціва паводле свайго семантычнага аб’ёму цалкам пакрывае значэнне інтэрнацыянальнага паняцця інтэрнэт. І гэта нярэдка дапамагае ў стылістычным афармленні выказвання, дазваляючы не толькі пазбегнуць таўталогіі, але і ўзбагачаючы асацыятыўны складнік усяго кантэксту: Свае старонкі ў сеціве маюць не толькі прыватныя стаматалагічныя клінікі, але і дзяржаўныя… У змаганні за кліента клінікі ладзяць інтэрнэт-акцыі (Наша ніва, 26.10.11); – Інтэрнэт дапамагае пісьменніку! – рашуча заявіў галоўны рэдактар “Нёмана”. – У сеціве можна распаўсюджваць і рэкламаваць свае творы.
“Слова “сеціва” па сваіх магчымасцях, па значэнні, дастаткова багатае і ёмістае, – адзначае вядомы айчынны лінгвіст Вераніка Курцова. – Калі мы ўбачылі нейкую асаблівасць прадмета і паводле гэтай асаблівасці яму надалі трапную назву, слова прымаецца людзьмі без усялякага недаверу. А калі мы не шукаем адпаведнікаў, не карыстаемся імі, тады і з’яўляюцца ў некаторых людзей уяўленні кшталту “беларуская мова бедная і нязграбная” (“Звязда”, 19.02.2011).
Кожнае адметнае беларускае слова заўсёды прыцягвае ўвагу чытача ці слухача. І таму варта як найчасцей уводзіць беларускія адпаведнікі ў штодзённую камунікацыю. А моўная практыка потым пакажа: замацуецца слова ва ўжыванні або трапіць у разрад аказіянальных.
Яшчэ адну пару назоўнікаў – фестываль і фэст – “сучасная маўленчая практыка нярэдка выкарыстоўвае як тоесныя сваім значэннем, аддаючы перавагу больш пашыранаму і працягламу ў выкарыстанні слову фэст”, – заўважае праф. П. Сцяцко. Раней лексема фэст абазначала царкоўнае свята, але потым значэнне слова істотна пашырылася. І фэстам сталі называць любое свята з кірмашамі і забавамі, з рознымі гуляннямі. Падобная тэндэнцыя адлюстроўваецца і ў публіцыстычным дыскурсе: Арганізатары фестывалю беларускай музыкі на Беласточчыне дамаўляюцца з консульскімі аддзеламі Польшчы аб магчымасці выдачы візаў усім ахвотным наведаць “Басовішча-2011”. Фэст пройдзе 22-24 ліпеня ў Гарадку (Наша ніва, 01.06.11); Гэты ўкраінскі, запарожскі фэст нечакана для ўсіх стартаваў у 2010 годзе. Фестываль незалежнай музыкі летась прайшоў двойчы пры невялікай колькасці гледачоў… Сярод гасцей фэсту – культавыя “Умка і Бро”. Дата фестывалю сёлета пакуль невядомая… (Наша ніва, 8.06.11); Байкерскі фэст у “Лагойску” (Загаловак)… Ад 22 да 24 ліпеня ў Гарналыжным спартова-аздараўленчым комплексе “Лагойск” пройдзе шосты міжнародны байкерскі фестываль “Мінск-2011” (Наша ніва, 20.07.11); 22-24 ліпеня пад Гарадком на Беласточчыне пройдзе ўнікальны фэст беларускай музыкі “Басовішча-2011”. Сёлета фестываль пройдзе 22-і раз (Наша ніва, 20.07.11); У мінулую суботу ў Полацкім раёне адбыўся бульбяны фэст… Як сцвярджаюць арганізатары, гэта, магчыма, першы такі фестываль ва ўсёй Беларусі (Звязда, 26.07.11); Стартаваў фестываль беларускамоўнай рэкламы AD.NAK (Загаловак). Азнаёміцца з намінацыямі… можна на сайце фэсту… (Наша ніва, 2.05.12); Фестываль паветраных шароў і касцюміраваная рэканструкцыя танцаў ХІІІ стагоддзя “Паветраны паланэз” прайшлі ў Нясвіжы. Фэст прымеркаваны да святкавання 229-годдзя з моманту першага заваявання чалавекам паветра… (Звязда, 16.10.12).
Разам з тым адзначым, што, нягледзячы на дастаткова моцныя сінанімічныя сувязі, названыя лексемы ўсё ж не варта успрымаць як цалкам узаемазамяняльныя. Адметнае беларускае слова фэст пакуль, напрыклад, неадназначна ўспрымаецца пры абазначэнні традыцыйнага “Славянскага базару ў Віцебску”. Як паказваюць нашыя назіранні, у свядомасці носьбітаў беларускай мовы гэта, у першую чаргу, фестываль, а не фэст. Таму і сама фраза кшталту Фэст “Славянскі базар” гучыць пакуль нязвыкла, ненатуральна. Думаецца, не ў апошнюю чаргу таму, што названая імпрэза не атаясамліваецца з нечым беларускім, нацыянальным.
Такім чынам, мы разгледзелі некаторыя асаблівасці сучаснай беларускай сінанімікі ў кантэксце публіцыстычнага дыскурсу. Як бачым, новыя словы аказваюць істотны ўплыў і на стылістыку тэксту. Новыя – прынамсі, для шараговага карыстальніка, для рэцыпіента, на якога і разлічаны нашыя перыядычныя выданні. Матэрыял паказвае, што ў сучаснай беларускай мове назіраецца даволі імклівы працэс узмацнення яе сінанімічнага патэнцыялу праз пашырэнне слоў з адценнем навізны. Гэта не проста ўзбагачае слоўнік нашай мовы, не толькі павялічвае яе сінанімічныя магчымасці, але і спрыяе павышэнню агульнай культуры маўлення, фарміраванню адмысловага моўнага густу.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
