У працэсе развіцця мовы адбываюцца непазбежныя змены на розных яе ўзроўнях. Але найбольш гэта заўважаецца ў лексіцы, паколькі мы штодня нешта чытаем, слухаем, карыстаемся мовай у побыце. І раз-пораз выяўляюцца словы, якія маюць адценне навізны і ўжо гэтым падсвядома прыцягваюць нашу ўвагу.
У апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў у беларускай мове назіраецца тэндэнцыя да пашырэння сінанімічных рэсурсаў, калі рэгулярна фіксуюцца эквіваленты да традыцыйных, добра ўсім вядомых слоў і словаформ. І ўсё часцей з’яўляюцца навуковыя працы, дзе сінанімія разглядаецца не як сістэмная з’ява з неабходнай наяўнасцю пэўных прымет, а як здольнасць асобы, індывіда бачыць, усведамляць сэнсавае падабенства моўных знакаў у працэсе пазнавальнай дзейнасці (С. Лебедзева, Ю. Князева і інш.). Пры такім падыходзе актуалізуюцца экстралінгвістычныя фактары, на першы план выходзяць лінгвакультуралагічныя чыннікі. Можна меркаваць, што сінанімічныя пары не заўсёды існуюць у строга акрэсленых умовах, а наадварот, нярэдка перасякаюцца семамі з рэпрэзентантамі іншых сінанімічных радоў у выніку функцыянавання ў межах агульнай матывацыйнай прасторы і падобных камунікацыйных сітуацый. Тут варта прыгадаць і агульны асацыятыўны фон, на якім часта і фарміруюцца новыя сінанімічныя адносіны. Таму колькасць і характар сінонімаў, якія рэальна функцыянуюць у штодзённай практыцы, звычайна не супадаюць з пазначаным у адпаведных слоўніках.
Багаты матэрыял для выяўлення зрухаў у беларускай сінаніміцы дае публіцыстычны тэкст, дзе ў апошнія гады дзякуючы трываламу замацаванню ў камунікацыі шэрагу новых лексем істотна ўзмацніўся і сінанімічны патэнцыял беларускай мовы. Разгледзім апісаныя вышэй з’явы, факты актуалізацыі сінанімічных рэсурсаў мовы праз ужыванне лексем з адценнем навізны на канкрэтных прыкладах з публіцыстычнага дыскурсу.
Так, істотна пашырыўся ва ўжыванні назоўнік вазок са значэннем ‘невялікая павозка спецыяльнага прызначэння’: У Капенгагене з дзіцячымі вазочкамі ў большасці гуляюць таты, а не мамы (Звязда, 13.10.2010); У адным з вагонаў выдзелена зона для пасажыраў у інвалідных вазках, з дзіцячымі вазкамі, роварамі і грувасткім багажом (Наша Ніва, 30.03.2011). У шэрагу выпадкаў ужыванне названай лексемы разам з назоўнікам каляска дазваляе пазбегнуць нематываванага паўтору, спрыяе сінтагматычнаму ўзбагачэнню кантэксту: Вялікі вазок – вялікія выдаткі. Пустая прастора каляскі выклікае ўнутраны дыскамфорт… (Звязда, 25.06.2011); У цягніку прадугледжаны кандыцыяванне паветра, мяккія зручныя сядзенні, пляцоўкі для дзіцячых вазкоў, веласіпедаў, інвалідных калясак (Звязда, 28.06.2011). Лексему вазок можна трактаваць як адносна новы моўны элемент, які ўжо, аднак, трывала замацаваўся ў нашай лексіцы. Яго выкарыстанне дае магчымасць не толькі пашырыць нацыянальны слоўнік, але і ўзбагаціць стылістычныя магчымасці беларускамоўнага дыскурсу.
У наступных кантэкстах выкарыстанне сінанімічных паняццяў дапамагае пазбегнуць банальнай таўталогіі і выразна адлюстроўвае вялікія магчымасці нашай мовы: З тэлефона-аўтамата чалавек паведаміў пра ўзрыўное прыстасаванне… Аўтамабіль праверылі, выбухоўкі не знайшлі (Звязда, 8.10.2011); Помнік узарвалі з дапамогай выбухоўкі (Наша Ніва, 18.04.2012); Пасажыр нібыта пісаў пра планы ўзарваць выбухоўку (Наша Ніва, 5.03.2014). Калі б не адносна новы ў нашай літаратурнай мове назоўнік выбухоўка, было б даволі складана дакладна перадаць сутнасць ідэі: сапраўды, нельга ж сказаць, напрыклад, узарваць узрыўчатку, нават пакінуўшы па-за ўвагай мэтазгоднасць і лагічнасць ужывання ў беларускай мове слова ўзрыўчатка. А лексема выбухоўка якраз і вырашае праблему. Выяўляецца, што розныя лексічныя адзінкі для намінацыі аднаго і таго ж аб’екта рэчаіснасці абумоўлены, бадай, розным бачаннем гэтага аб’екта, што выклікаецца шэрагам пэўных фактараў, у тым ліку і адпаведным узроўнем моўнай свядомасці. Словы, выкарыстаныя з адным і тым жа значэннем, могуць мець розную інтэрпрэтацыю, захоўваючы пры гэтым агульнасць сэнсавага ядра. Сінанімія выклікае на падсвядомым узроўні своеасаблівае пераключэнне індывіда з аднаго сэнсавага аспекту на іншы або, як слушна заўважае расійскі даследчык М. Нікіцін, “пераключэнне кагнітыўнага зместу знака ў план прагматычнага значэння”. Сінанімія, такім чынам, успрымаецца не столькі як лексічны факт мовы, колькі як камунікацыйна-прагматычнае рашэнне.
Сінанімічныя сувязі нярэдка ўзнікаюць дзякуючы асноўным кагнітыўным механізмам набыцця і ўспрымання ведаў, якія ўключаюць у сябе і працэсы катэгарызацыі, гэта значыць, фарміраванне сэнсу ў ходзе пазнання нейкіх новых моўных элементаў. Часта падобнымі неалагізмамі выступаюць добра асвоеныя нашай мовай пазычанні. Можна меркаваць, што такім чынам у свядомасці носьбітаў беларускай мовы замацаваліся сінанімічныя пары гасцініца – гатэль і забастоўка – страйк: Побач з нашым гатэлем… месцілася яшчэ адна гасцініца (Наша Ніва, 6.04.2011); Наступны блок гатэляў, відаць, таксама будзе пабудаваны, бо праца на іх ідзе даволі актыўна. Гэтыя гасцініцы заключылі дамовы з сусветна вядомымі сеткамі і атрымалі іх назвы (Наша Ніва, 18.01.2012); Экс-дэпутат даручыць кіраванне сваімі гатэлямі найбуйнейшаму гасцінічнаму аператару свету (Наша Ніва, 11.04.2012). Форма гатэль (не атэль, хоць і падобны варыянт зрэдку фіксуецца ў нашых медыях) замацавалася ў беларускай мове “як вынік транслітарацыі пазычанага слова: hotel → гатэль…” (П. Сцяцко). Можна сцвярджаць, што па частотнасці ўжывання ў СМІ згаданы назоўнік ужо не саступае лексеме гасцініца, гэта значыць, яны існуюць паралельна, як узаемазамяняльныя апелятывы. Таксама як семантычна тоесныя выступаюць у мове лексемы забастоўка і страйк, а адначасова і роднасныя ім словы іншых часцін мовы: Больш за 2 млн дзяржслужачых страйкуюць у Вялікабрытаніі (Загаловак)… У Вялікабрытаніі праходзіць масавая і самая буйная з 1979 года забастоўка дзяржслужачых (Звязда, 1.12.2011); У Эстоніі настаўнікі праводзяць страйк (Загаловак). Падчас забастоўкі настаўнікаў на вуліцы і плошчы гарадоў выйдуць больш за 15 тыс. чалавек (Звязда, 6.03.2012); Супрацоўнікі папяровых камбінатаў перадумалі ісці на забастоўку салідарнасці. Прафсаюзы дамовіліся з працадаўцамі літаральна за пяць з паловай гадзін да афіцыйнага аб’яўлення страйку (Звязда, 17.04.2012); Брытанскія прафсаюзы заклікалі на страйк 400 тысяч дзяржслужачых (Загаловак); Цяперашняя забастоўка справакаваная тым, што… зноў прагучалі словы пра непапулярныя ў насельніцтва эканамічныя рэформы (Звязда, 11.05.2012); Страйк таксама падтрымаў італьянскі саюз працы. Галоўным чынам забастоўка закранула транспартную сферу (Звязда, 13.12.2014); У васьмі нямецкіх землях прайшоў папераджальны страйк дзяржаўных служачых… Забастоўка ахапіла галоўным чынам усходнія землі (Народная воля, 13.03.2015). Як бачым, англіцызм страйк выдатна ўпісаўся і ў лексічную, і ў граматычную сістэму беларускай мовы, істотна пашырыўшы і яе сінанімічны патэнцыял. Заўважым, што на гэта могуць уплываць як устойлівыя, аб’ектыўныя фактары, так і аказіянальныя, суб’ектыўныя.
Расійскі даследчык В. Вілюман слушна сцвярджае, што “мова ўбірае ўсё традыцыйнае, што рэгіструецца слоўнікамі, з’яўляецца часткай сістэмы, а маўленне можа разумецца як наватарства”. У выніку падобнага “наватарства” слоўнік і папаўняецца новымі лексемамі. Але сінанімічныя сувязі слоў традыцыйна ўзнікаюць у межах перасячэння некалькіх катэгорый. На гэта самым непасрэдным чынам уплывае асэнсаванне, усведамленне значэння новага слова ў працэсе спазнання, бо кожная новая лексема здольная не толькі замяняць больш звыклую сінанімічную адзінку, але і па сутнасці аналізаваць абазначаную ёй з’яву, даваць гэтай з’яве пэўную дадатковую ацэнку, пераводзіць яе ў прагматычную плоскасць.
Працяг будзе.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
