Новыя лектары прыняты ў літургічную службу алтара ў Смаргоні

23 мая ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні былі прынятыя да літургічнай службы алтара новыя лектары.

Лектар – гэта асаблівая паслуга падчас Літургіі, якая цалкам накіраваная на чытанне і ўшанаванне Божага Слова. Кандыдаты: Урбанайць Канстанцін, Жамойда Антон, Дудко Міхал і Надзіч Павел, амаль два гады рыхтаваліся падчас лектарскага курсу. На фармацыйных сустрэчах паглыблялі гісторыю і сэнс святой Бібліі, таксама ўдзельнічалі ў аратарскіх трэнінгах, каб выразна і з пашанай чытаць Божае Слова.

Падчас гаміліі, якую прамовіў кс. Артур Ляшнеўскі SDB, было зададзена пытанне: кім ёсць Дух Святы? Святар падкрэсліў, што Дух не ў агні, віхры альбо ў белым галубе – гэта толькі знакі, якія даюць нам зразумець, што Ён блізка і каб мы на Яго звярнулі ўвагу. “Дух Святы дзейнічае праз канкрэтных асоб – працягваў святар – гэта значыць, што сёння менавіта праз нас! І мы павінны як апосталы вырвацца з зачыненага вячэрніка нашага эгаізма, каб сустрэцца з іншым чалавекам і распавесці, як моцна яго любіць Бог. Толькі тады, іншыя людзі, бачучы католікаў, якія не хаваюцца і не баяцца сведчыць пра любоў, упэўненна скажуць: вось Ён Дух Святы!”.

Пасля гаміліі кандыдаты атрымалі альбу – літургічнае адзенне, якое ад гэтага моманту будуць насіць падчас святых цэлебрацый. Пасля кожны ўкленчыўшы перад святаром атрымаў кнігу Святога Пісання з напамінам, што ад гэтуль будуць “вуснамі Бога” і каб старанна і з павагай перадавалі люду Божаму Словы гэтай святой Кнігі. На заканчэнне прыняцця ў лектары, кандыдаты правомілі абяцанні любіць і годна абвяшчаць Божае слова падчас Літургіі і ў жыцці.

Марта Адахоўская, салезіянскі аніматар

для друку для друку