Новы касцёл асвечаны ў Сянне ў Віцебскай дыяцэзіі

Асвячэнне новага касцёла ў Сянне адбылося 17 верасня 2022 года. Абрад здзейсніў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Парафія ў Сянне была адноўлена яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. І з таго часу былі намаганні пабудаваць касцёл. Але працяглы час тут існавала толькі драўляная капліца. Цікава, што новы касцёл з’яўляецца зменшанай копіяй касцёла, які калісьці стаяў на тым самым месцы.

Фотаздымак старога касцёла

Так выказаўся наконт праекту пробашч парафіі а. Міхал Ермашкевіч ОР:

Адразу было прынята рашэнне пабудаваць тут нешта падобнае да таго, што было раней. Бо казалі, што нічога прыгажэйшага за папярэдні касцёл больш тут быць не можа.

У 2015 годзе пачаліся працы па падрыхтоўцы будаўніцтва, і толькі ў 2019 годзе ўдалося пачаць будоўлю. Былі розныя цяжкасці: бюракратычныя, фінансавыя.

«Атрымалася, што мы амаль за чатыры месяцы пабудавалі сам будынак, а потым пачаліся доўгія аддзелачныя працы”, — кажа айцец Міхал.

Першая Імша ў будынку новага касцёла адбылася на Пастэрку ў 2020 годзе, але праца тады яшчэ не была скончана. Варта адзначыць, што дата асвячэння касцёла была абрана не выпадкова. Пробашч парафіі Святой Тройцы тлумачыць гэта так:

Гэта дата – аднаўленне гістарычнай справядлівасці, кампенсацыя. Бо 17 верасня 1962 года стары касцёл быў знішчаны камуністамі. А ў жніўні 1772 года тут быў пабудаваны першы касцёл, але мы не паспелі скончыць працу да жніўня. Таму гэта яшчэ і амаль юбілей: 250 гадоў ад будаўніцтва першага касцёла і 60 гадоў ад яго знішчэння атэістамі.

Падзялілася сваім уражаннем парафіянка Марыя:

Нарэшце мы маем пабудаваны новы касцёл, яшчэ і такі прыгожы. Гэта вельмі важны дзень для нас, бо цяпер маем сваю святыню ў Сянно. Наш пробашч а. Міхал вельмі многа намаганняў прыклаў для таго, каб пабудаваць яе, аддаў гэтай справе ўсе свае сілы. Мы вельмі ўдзячны яму за гэта.

На ўрачыстасці асвячэння сабраліся шматлікія госці. Сярод іх былі людзі, якія дапамагалі ў будаўніцтве касцёла і арганізацыі ўрачыстасці. Прысутнічаў і папярэдні пробашч кс. Уладзімір Заянчкоўскі, дэкан Лепельскі.

Урачыстасць пачалася з працэсіі пад спевы хора парафіі святой Барбары з Віцебска. Затым акрапленнем святой вадой сцен і алтара пачаўся абрад асвячэння.

Падчас казання біскуп Алег звярнуў увагу на гістарычнасць і сімвалізм падзеі, сведкамі якой мы сталі сёння. Пра што казаў сам Езус, гаворачы, што брамы пякельныя не перамогуць Касцёл, пабудаваны на падмурку апосталаў. А Бог знішчае таго, хто знішчае Яго святыню. Такім чынам і сістэма, якая руйнавала святыні насуперак усялякай логіцы, была зруйнавана. Яго Эксцэленцыя таксама адзначыў, што сёння мы бачылі праз пасвячэнне гэтага касцёла нашую прыналежнасць да гісторыі – дадзенай нам Богам спадчыны. Але – дадаў біскуп – Касцёл з’яўляецца супольнасцю тых, хто бачыў спаўненне ў Езусе Хрысце Божага абяцання. Тых, хто і далей жыве ў надзеі на яго будучае спаўненне. Абяцанне ажыўляе наш шлях чакання яго спаўнення. Бо вера – не музейны экспанат, вера заўсёды жывая, як жывым і вечным застаецца Бог. А будынак касцёла — гэта знак таго, што жыве ў душы чалавека.

Абрад асвячэння прадоўжыўся Літаніяй да ўсіх святых, пасля якой адбылося намашчэнне святым алеем алтара і сцен. Таксама адбылося акаджэнне алтара, самаго памяшкання касцёла і вернікаў. Былі запалены свечкі на алтары і на сценах касцёла. Гэтая частка абраду нагадвае вернікам пра святло Божага Слова, якое цяпер заўсёды будзе гучаць і запальваць сваім святлом сэрцы людзей. Завяршыўся абрад накрыццём белым абрусам да таго моманту аголенага алтара.

Пасля літургіі пробашч і вернікі парафіі Святой Тройцы падзякавалі Яго Эксцэленцыі біскупу Алегу Буткевічу за асвячэнне храма, а таксама ўсім, хто дапамагаў фінансава, малітоўна і праз сваю працу. Асаблівая падзяка была скіравана да Воранава Віктара, які непасрэдна выконваў будаўнічыя працы.

Затым канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч зачытаў дэкрэт біскупа аб асвячэнні касцёла ў гонар Святой Тройцы. Пазней дакумент быў падпісаны біскупам Алегам Буткевічам, ксяндзом Віктарам Місевічам, пробашчам парафіі –айцом Міхалам Ярмашкевічам.

Варта адзначыць, што непасрэдна пасля асвячэння касцёла маладая пара вернікаў з Сянна прыняла сакрамант шлюбу. Маладыя людзі ўрачыста склалі прысягі сужэнскай вернасці ў новаасвечаным касцёле. Пробашч айцец Міхал Ермашкевіч блаславіў іх сужэнскі саюз.

Лаліта Арлоўская, тэкст

Васіль Мядзюха, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі