Новы год у Назарэце: сустрэча сем’яў прайшла ў Навагрудку

31 снежня па 2 студзеня ў Навагрудку адбылася сустрэча сем’яў Асацыяцыі Святой Сям’і пры Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак.

Усяго ў сустрэчы ўдзельнічалі восем сем’яў – з прычыны пандэміі каранавірусу менш, чым заўсёды. У праграме былі канферэнцыі, з якімі выступіў кс. Алег Шпець TChr, адарацыя, святая Імша.

Новы год удзельнікі сустрэлі на адарацыі ў капліцы сясцёр назарэтанак. Яны дзякавалі за пражыты год, прасілі прабачэння за здзейсненыя ў ім памылкі і міласэрнасці ў тым годзе, які наступае.

Удзельнікі прысвяцілі гэтую ноч беларускай паэзіі. Усю ноч гучалі вершы і песні вядомых беларускіх аўтараў і музыкантаў.

Наступны дзень прайшоў у разважанні над трыма словамі, важнымі ў жыцці кожнага чалавека, а асабліва сям’і: “прабач”, “дзякую” і “прашу”.

Вечар стаў для пар рамантычным. Калі многія дзеці ўжо адпачывалі, сужэнцы перажылі рамантычнае спатканне з душэўнымі размовамі.

Удзельнікам было шкада развітвацца з Навагрудкам. Усе прысутныя адзначалі вельмі цёплую і сямейную атмасферу сустрэчы i падкрэслівалі, што дзверы дома сясцёр назарэтанак у Навагрудку заўсёды шырока адчынены для іх, там сапраўды можна адчуць назарэтанскі дух.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by
Фота: с. Марыяна Алешчык CSFN

для друку для друку