Новапасвячаныя прэзбітэры цэлебравалі Імшу ў Гродзенскай семінарыі

22 мая ксяндзы Андрэй Януль і Антоній Тышко цэлебравалі прыміцыйную святую Імшу ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, выпускнікамі якой яны з’яўляюцца.

Прэзбітэрскае пасвячэнне яны прынялі 2 мая ў Віцебску, удзяліў яго біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На Эўхарыстыі прысутнічалі студэнты семінарыі, выхавацелі і выкладчыкі. Новапрэзбітэры маліліся ў інтэнцыі семінарыі, яе студэнтаў, выхавацеляў, выкладчыкаў і іншых працаўнікоў.

У пачатку літургіі ксёндз Андрэй Януль выказаў радасць з гэтай нагоды і падзяку за запрашэнне. Ксёндз Антоній Тышко прамовіў гамілію, у якой разважаў на тэму любові.

Рэктар семінарыі ў Гродне кс. Ян Раманоўскі адзначыў, што вельмі рады бачыць выпускнікоў, якія цэлебруюць Імшу ў сценах роднай семінарыі. Ён папрасіў іх ахвяраваць свае малітвы ў інтэнцыі семінарыйнай супольнасці.

На заканчэнне маладыя святары ўдзялілі ўсім прысутным спецыяльнае прыміцыйнае благаслаўленне – як заруку шчодрых Божых ласкаў, неабходных і на шляху падрыхтоўкі да святарства, і ў святарскім жыцці.

Grodnensis.by

для друку для друку