Ноч чування з навэннаю да святой Ядвігі адбудзецца ў Магілёве

У суботу, 22 кастрычніка, у парафіі св. Казіміра і св. Ядвігі, каралевы, у Магілёве адбудзецца начное чуванне, падчас якога распачнецца навэнна да св. Ядвігі, якая будзе трываць 9 месяцаў. 

Верым, што дзякуючы ўмацаванню нашых блізкіх адносінаў са св. Ядвігай, каралевай, і наследаванню яе цнотаў, мы можам спадзявацца на яе магутнае заступніцтва перад Богам і разлічваць на яе каралеўскую шчодрасць.

Расклад набажэнства:

22.00 – Навэнна – 1 – Адарацыя – Радасныя таямніцы (Фацімскі Ружанец).

23.00 – Навэнна – 2 – Таямніцы святла. 

00.00 – Навэнна – 3 – Святая Імша (з нядзелі). Канферэнцыя на тэму веры.

01.00 – Навэнна – 4 – Перапынак, чытанне Паслання святога Паўла да Каласянаў, раздзелы 3 i 4.

02.00 – Навэнна – 5 – Крыжовы шлях са святой Ядвігай.

03.00 – Навэнна – 6 – Адарацыя – Балесныя таямніцы.

04.00 – Навэнна – 7 – Вяночак да Божай Міласэрнасці.

05.00 – Навэнна – 8 – Хвалебныя таямніцы.

06.00 – Навэнна – 9 – Вяночак да святога арханёла Міхала. 

Навошта патрэбна ноч чування?

Сапраўдная любоў патрабуе ахвяры, да таго ж мы жывем у цяжкія дні нашай гісторыі. Прагнем прысвяціць малітве ў важных інтэнцыях адну ноч у месяц каля рэліквій св. Ядвігі. Падчас чування будзем прасіць Бога за свет, за Еўропу, Беларусь і Касцёл. Будзем маліцца ў інтэнцыі спакою, за кіраўнікоў дзяржаваў, аб новых пакліканнях да святарства, у нашых асабістых інтэнцыях і ў тых інтэнцыях, якія былі запісаныя ў Кнізе просьбаў да св. Ядвігі падчас Ружанцовага кангрэсу. Прагнем таксама ўміласціўляць Бога за свае грахі і грахі нашых бліжніх, а таксама прасіць, каб споўніліся жаданні Маці Божай з Фацімы.

Прыкладам такой малітвы з’яўляецца Пан Езус: «Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога» (Лк 6, 12). Святая Ядвіга напісала ў Акце фундацыі Карлава ўніверсітэта ў Празе: «Мы правялі вельмі шмат бяссонных начэй, разважаючы над тым, як рэалізаваць замысел сэрца».

Тыя вернікі, якія жадаюць духоўна далучыцца да набажэнства, могуць даслаць свае інтэнцыі праз СМС, e-mаil або на Viber. Магчыма, адбудзецца прамая трансляцыя начнога чування.

Пост – экзарцызм

Просім, каб тыя вернікі, якія вырашаць прыняць удзел у чуванні, паводле сваіх магчымасцяў трымалі пост у суботу, 22 кастрычніка (напрыклад, пост на хлебе і вадзе; толькі на вадзе; адзін пасілак на працягу дня з адпаведнаю колькасцю напояў, і г.д.). Варта ўзяць з сабою бутэрброды на супольны пасілак пасля святой Імшы — у нядзелю мы не посцім. Памятайма, што Апосталы не маглі выгнаць злога духа, таму што некаторых злых духаў можна выгнаць толькі малітваю і постам. Няхай наш пост будзе просьбаю аб вызваленні свету ад зла — своеасаблівым малым экзарцызмам.

Увага! На чуванне запрашаюцца таксама вернікі, якія пражываюць не ў Магілёве. Варта запланаваць на нядзелю пасля вяртання дадому некалькі гадзінаў сну.

Калі Бог дазволіць, плануецца арганізаваць дзевяць такіх начных чуванняў, раз у месяц, у трэцюю або чацвёрную суботу месяца, з кастрычніка 2022 г. да чэрвеня 2023 г. Інфармацыя будзе змяшчацца на Viber: CвЯдвіга1374.

Чуванне адбудзецца па адрасе: Магілёў, Мінская шаша 8б, парафія св. Казіміра і св. Ядвігі (дамінікане)

Кантакты: +37529 291-92-11schulzop@gmail.com; viber: свЯдвіга1374.

Просьба загадзя паведаміць пра сваю прысутнасць.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі