“Няма патрэбы быць другім Пятром ці другім Тамашам. Трэба знаходзіць свой уласны шлях…” Інтэрв’ю біскупа Андрэя Зноскі пра служэнне людзям на новай пасадзе

У ліпені 2024 года ксёндз Андрэй Зноска пакінуў утульную парафію, у якой служыў дванаццаць гадоў, і стаў душпастырам для ўсёй Пінскай дыяцэзіі. Каб справіцца з новымі абавязкамі, Яго Эксцэленцыя накіраваўся ў Рым на курсы для біскупаў. Там ён адчуў адзінства з Апостальскай Сталіцай, пазнаёміўся з калегамі з розных краін, даведаўся пра іх вопыт і цяжкасці ў служэнні, а таксама адважыўся задаць Папу адно з самых балючых пытанняў для нашага рэгіёна.

Ваша Эксцэленцыя, у верасні Вы прымалі ўдзел у курсе для нядаўна пасвечаных біскупаў у Рыме. Як доўга ён працягваўся? Якая асноўная мэта гэтага курса?

– Сапраўды, у палове верасня мы разам з гродзенскім біскупам Уладзімірам на тыдзень ляталі ў Вечны горад, дзе Дыкастэрыя па справах біскупаў амаль кожны год збірае новых біскупаў на спецыяльны курс. Дыкастэрыя біскупаў – гэта нешта накшталт міністэрства ў Апостальскай Сталіцы, якое ад імя Папы займаецца рознымі справамі, звязанымі з прызначэннем і дзейнасцю біскупаў. Варта дадаць, што гэтая Дыкастэрыя адказвае за біскупаў лацінскага абраду і толькі з тых краін, дзе каталіцтва з’яўляецца традыцыйным веравызнаннем.

Паралельна з намі на свой асобны курс збіраліся біскупы з місійных краін Азіі і Афрыкі, якія падначаленыя Дыкастэрыі распаўсюджвання веры. Мы перасякаліся з імі на некаторых занятках. У сваю чаргу біскупы ўсходніх абрадаў, падначаленыя Дыкастэрыі ўсходніх Цэркваў, мелі гэты курс разам з намі і пражывалі ў тым самым будынку каледжа святога Паўла.

Мне падаецца, што асноўнай мэтай правядзення гэтага курса было тое, каб даць нам пачуццё еднасці і калегіяльнасці ў біскупскім служэнні, адчуць адзінства з Апостальскай Сталіцай і братэрства паміж сабой.

На якой мове праходзілі сустрэчы? Кім былі Вашыя выкладчыкі?

– Працоўнымі мовамі заняткаў былі англійская, італьянская, французская, іспанская і партугальская. Я пераважна слухаў і браў раздрукаваныя матэрыялы на англійскай мове, біскуп Уладзімір – на італьянскай. Літургія была на розных мовах. Пастаянныя часткі Імшы маглі быць, напрыклад, на італьянскай мове, а некаторыя часткі на іншых мовах. Спецыяльна бліжэй да алтара падыходзілі ўдзельнікі курса, якія лепш валодалі менавіта гэтымі мовамі. Святая Імша пераважна была раніцай, потым – сняданне, і пачынаўся блок заняткаў з выкладчыкамі. Цяжка назваць гэта сапраўднымі лекцыямі, бо да нас прыходзілі асобы – кардыналы, арцыбіскупы, – якія ўзначальваюць розныя кіроўныя органы Апостальскай Сталіцы, Дыкастэрыі, суды, і расказвалі пра дзейнасць гэтых органаў і пра тое, над чым яны цяпер працуюць, якія выклікі сучаснага свету патрабуюць адказу з боку біскупаў. Пасля абеду былі заняткі ў моўных групах, калі можна было абмеркаваць пачутае раніцай і выказаць свае погляды.

 Што для Вас стала найбольш карысным падчас гэтага курса?

– Цэнтральным момантам для мяне асабіста стала сустрэча з Папам. Я быў калісьці разам з усімі семінарыстамі на агульнай сустрэчы са святым Янам Паўлам ІІ падчас Імшы ў Элку, калі ён наведваў Польшчу, але тады я бачыў Папу як далёкую белую постаць. Цяпер жа мы былі на прыёме ў Апостальскім палацы і кожны мог падысці і прывітацца са Святым Айцом. Найбольш мне запала ў душу тое, што, калі Папа Францішак увайшоў да нас у Клементынскую залу, ён з усмешкай адклаў убок падрыхтаваныя на картках нататкі і сказаў: “Я не хачу чытаць гэтую прамову. Мы ўсе браты паміж сабой: я – біскуп Рыма, і вы біскупы. Таму давайце проста пагаворым, задавайце пытанні, якія вас хвалююць, а я пастараюся на іх адказаць”. Гэта было нечакана і вельмі кранальна. Я на той момант толькі тыдзень, як быў пасвечаны ў біскупы, а Папа кажа: вы біскупы, і я біскуп, мы браты.

І Вы задалі пытанне?

– Я так моцна пранікся словамі Папы і яго запрашэннем да дыялогу, што сказаў біскупу Уладзіміру: “Я не магу стрымацца, пайду задаваць пытанне”. Біскуп Уладзімір кажа: “Ты ўпэўнены? На якой мове ты будзеш гаварыць?” Шчыра кажучы, мой узровень валодання замежнымі мовамі вельмі нізкі. Але я сабраўся з думкамі і пайшоў стаяць у чаргу. Трэба было выйсці на сярэдзіну залы, маё пытанне было сёмым ці восьмым. Я пачаў гаварыць так: “Ваша Святасць, я вельмі малады біскуп з Беларусі… ” І пачаў тлумачыць, дзе наша Беларусь знаходзіцца. Папа са смехам перабіў і сказаў, што выдатна ведае Беларусь і памятае, што ў гэтым годзе прызначыў сюды двух біскупаў. Тады я запытаў: “Бог даў нам шмат суседзяў, між імі ёсць і Украіна, і Расія. Мы не можам і не хочам мяняць суседзяў, дарэчы, гэта і немагчыма. Што Вы параіце нам рабіць, каб нашыя суседзі перасталі ваяваць і мы ўсе маглі жыць у міры?” Папа адказаў: “Вы там, у Беларусі, добра ведаеце, што, каб слухаць і чуць адных і іншых, нельга зачыняць дзверы, трэба трымаць іх адчыненымі. Старайцеся не зачыняць дзверы, тады можна гаварыць і дамаўляцца пра нешта. А вы, вернікі, не забывайцеся пра сілу малітвы: трэба маліцца за мір”. Такія простыя і адначасова настолькі глыбокія словы.

Ці давялося Вам пазнаёміцца з біскупамі з іншых краін? Што цікавага Вы пачулі пра іх душпастырскі вопыт? Ці ведаюць яны Беларусь?

– О так, знаёмстваў было вельмі шмат! Арганізатары курса прасілі, каб у сталоўцы мы не займалі пастаянных месцаў, а кожны раз сядалі за выпадковы стол, таму можна было з’есці сняданне з біскупамі з Канады, Аргенціны, Францыі, а на абедзе пагаварыць з калегамі з Ірана, Украіны, ЗША. На перапынках да нас многія падыходзілі і з пэўным недаверам цікавіліся: як так склалася, што мы сталі біскупамі ў такім маладым узросце? Сапраўды, большасць сабраных біскупаў хоць і былі нядаўна прызначаныя на пасаду, але гадамі былі значна старэйшыя за нас. Зрэшты гэта аніяк не перашкаджала нам вельмі прыемна гаварыць і жартаваць паміж сабой. Напрыклад, біскупы з Аргенціны пачаставалі мяне напоем з травы матэ, які яны традыцыйна п’юць з аднаго на ўсіх начыння, што павінна азначаць адзінства і давер. Я не сустрэў ніводнага біскупа, які б не ведаў пра Беларусь, не чуў назвы нашай краіны і не ведаў, дзе яна знаходзіцца.

Ці была прастора для размовы пра падтрымку касцёлаў у складаных палітычных і сацыяльных умовах?

– Так, мы вельмі шмат гаварылі пра тыя выклікі і праблемы, з якімі сутыкаюцца мясцовыя касцельныя супольнасці ў асобных краінах і рэгіёнах. Гэты досвед слухання пра праблемы іншых вельмі карысны, бо калі ты знаходзішся ўвесь час толькі сярод сваіх людзей, пачынае здавацца, што тое, у чым варышся ты, гэта і ёсць сусветная праблема. Тым часам аказваецца, што людзі розныя, і праблемы розныя. Адны гаварылі пра складаныя палітычныя ўмовы, іншыя – пра значны адыход грамадства ад веры, пра старэнне і недахоп святароў, пра хвалю мігрантаў. Тут жа знаходзіўся біскуп з процілеглага на глобусе кутка Зямлі і казаў, што, маўляў, хіба гэта ў вас праблема з мігрантамі? Гэта ў нас праблема з мігрантамі і расказваў сваё. Вельмі цікава і вельмі павучальна, а выснова з гэтых размоваў такая: Каталіцкі Касцёл дае раду і спраўляецца з любымі клопатамі і выклікамі, бо гэта не людская арганізацыя, а Містычнае Цела, Галавой якога ёсць Хрыстус Пан. Мы павінны рабіць тое, што можам, а рэшту Бог дапоўніць, бо гэта Яго Касцёл.

 З якіх гістарычных альбо сучасных асобаў маладым біскупам прапануюць браць прыклад?

– Біскупы – наступнікі Апосталаў. Апосталы вучыліся ад свайго Настаўніка, Якога, як яны былі ўпэўненыя, менавіта яны ўпадабалі і выбралі, а аказалася, што гэта Ён выбраў іх і паклікаў, каб ішлі на ўвесь свет і прыносілі плён. Таму біскуп павінен на ўсё глядзець вачамі Хрыста і да ўсяго прыкладваць мерку і эталон евангельскага вучэння Хрыста. Можна браць прыклад з першых хрысціян ці з сярэднявечных святых, ці з сучасных вялікіх людзей, але, на мой погляд, гэта ўсё не можа дапамагчы нам у поўнай меры, бо іх жыццё і дзейнасць – гэта тое, як ласка Божая праявілася ў іх канкрэтных і непаўторных жыццёвых умовах. Немагчыма і няма патрэбы быць другім Пятром ці другім Тамашам. Трэба знаходзіць свой уласны шлях рэалізацыі апостальскага паклікання, свой лад жыцця Евангеллем. Добрая літаратура, веданне дакументаў Касцёла, слуханне слоў Папы – гэта выдатная дапамога, але не панацэя ў пошуках уласнага апостальскага шляху.

Як гэты курс змяніў Ваш погляд на ролю біскупа?

– Я вучуся быць біскупам. Мне вельмі цяжка адысці ад таго ладу служэння Касцёлу, якім я жыў апошнія дванаццаць гадоў, калі быў пробашчам у Лідзе, у парафіі Божай Міласэрнасці. Я ведаў там усіх людзей, стараўся быць для іх айцом і братам, радаваўся поспехам дзяцей і моладзі, перажываў за беды людзей, сябраваў і запісваў ролікі з хорам Singing_sercem (па звычцы кажу: падпісвайцеся на іх і стаўце лайкі). Цяпер вучуся прапаведаваць людзям, якіх не ведаю асабіста, якія глядзяць на цябе, як на прыезджага кіраўніка. Гэта не вельмі лёгка даецца. Не атрымліваецца гаварыць “навуковых”, праграмных казанняў, люблю спантаннасць і непасрэднасць у прапаведаванні Божага Слова. Сустрэча з біскупамі з розных куткоў свету дала мне акрэслены душэўны супакой у тым сэнсе, што ўсе біскупы розныя, адны «навуковыя», другія простыя, а варта быць сабою.

Гутарыла Аляксандра Шпілеўская
Фота з уласнага архіву біскупа Андрэя Зноскі

для друку для друку