Нядзеля Божага Слова: запрашэнне чэрпаць са скарбніцы Пісанняў

У студзені, у ІІІ нядзелю звычайнага перыяду, ад нядаўняга часу Касцёл адзначае Нядзелю Божага Слова. Папа Францішак устанавіў гэту цэлебрацыю, пачынаючы ад 2020 г., каб падкрэсліць цэнтральнае значэнне, якое маюць Святыя Пісанні для жыцця каталіцкіх супольнасцяў і кожнага верніка. Гэта выдатная нагода, каб нам паразважаць над тым, як мы можам паўней чэрпаць са «скарбніцы Слова» (Aperuit illis, 2), якім насычаюцца нашыя душы.

Адным з рытуалаў, які Папа Францішак заахвочвае здзейсніць у Нядзелю Божага Слова, з’яўляецца «інтранізацыя Бібліі»: як гэта ўжо прынята ў многіх касцёлах, у кожнай святыні Святое Пісанне павінна знаходзіцца на асаблівым месцы і атрымліваць пашану, падобную да табэрнакулюму, дзе захоўваецца Цела Хрыста. Няхай гэты знешні знак падкрэслівае нашае ўнутранае стаўленне да той крыніцы, якая расказвае гісторыю збаўлення чалавечай сям’і і нашу асабістую. Таксама ў нашых дамах Біблія павінна заняць годнае месца, быць не проста адной з многіх кніг на кніжнай палічцы, а сапраўднай “Кнігай кніг”. Аднак што больш важна – Святое Пісанне не можа пакрывацца пылам, чакаючы днямі і тыднямі, калі мы яго адкрыем. «Няведанне Пісання – гэта няведанне Хрыста», – канстатуе св. Геранім, перакладчык Бібліі на лацінскую мову ў V ст. Успрымаючы пазітыўна гэтае сцвярджэнне, калі мы хочам паглыбляць знаёмства з нашым Збаўцам, варта мець звычку рэгулярна ў адпаведным настроі чытаць старонку Бібліі, просячы Духа Святога, каб прамовіў да нас праз словы Пісання.

Чаму варта чытаць Біблію?

«Паміж Святым Пісаннем і вераю людзей ёсць глыбокая сувязь. Паколькі вера нараджаецца са слухання, а слуханне засяроджана на слове Хрыста (пар. Рым 10, 17), <…> вернікі павінны прызначыць час на слуханне слова Пана як падчас літургічнага дзеяння, так і падчас малітвы і асабістага разважання», – піша Папа Францішак (Aperuit illis, 7). Наш кантакт з Бібліяй – гэта акт веры ў тое, што Нябесны Айцец хоча гаварыць са сваімі дзецьмі і для гэтага спасылае нам Духа Святога. Успомнім, што адзін з дароў Духа – розум – датычыць не проста нашага ўмення разумець, рабіць лагічныя высновы. Ён робіць нас здольнымі ўспрымаць усё, што адбываецца з намі і вакол нас, праз прызму Божага аб’яўлення, г. зн. у святле канчатковай праўды пра наша прызначэнне. Касцёл вучыць нас, што той самы Дух, Які натхніў святых аўтараў кніг Бібліі, дае ахвотным святло, каб правільна засвоіць праўду пра збаўленне, схаваную на старонках сакральных тэкстаў. Уваскрослы Хрыстус перад тым, як узысці на неба, адкрывае вучням розум, каб яны разумелі Святое Пісанне (пар. Лк 24, 45). Тое самае праз свайго Духа Пан робіць і з намі, каб мы былі “гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад нас слова пра нашу надзею” (пар. 1 Птр 3, 15).

Варта лічыцца з тым, што імкненне заглыбіцца ў праўду Божага слова можа выклікаць пэўны ўнутраны супраціў ці барацьбу: гэта нармальная з’ява ў духоўным жыцці, калі ў адказ на святое жаданне “актывізуецца” таксама і варожая сіла, якая хоча перашкодзіць нам наблізіцца да Бога. Злы дух можа дзейнічаць праз розныя цалкам рацыянальныя аргументы, ставячы пад пытанне сэнс нашых высілкаў і нават важнасць саміх Пісанняў.

Св. Аўгусцін добра апісвае спакусу фанабэрыстых, якой сам паддаўся ў маладосці, абясцэньваць мудрасць, схаваную ў Бібліі, яе ўяўнай прымітыўнасцю і непаслядоўнасцю (пар. “Споведзь”, кн. 3, V, 9).

Якімі перакладамі Святога Пісання карыстацца?

Нашае жаданне знаёмства з Божым словам азначае гатоўнасць быць па-сапраўднаму “вучнямі”: вывучаць пэўныя тэрміны (часам на старажытных мовах!) і іх сувязь з іншымі паняццямі, запамінаць некаторыя ключавыя фразы, імкнуцца пазнаць кантэкст… Святло Духа, якое дасягае глыбіні сэрца, найчасцей не мінуе іншыя нашыя здольнасці: памяць, уменне разважаць і г.д. Канешне, вельмі дапамагае, калі маем добрых настаўнікаў (ужывую ці інакш) і адпаведныя дапаможнікі: добрыя выданні і каментарыі. На беларускай мове на дадзены момант існуе каталіцкі пераклад Новага Запавету з кароткімі ўводзінамі да кожнай кнігі, які варта мець кожнай сям’і. Адпаведная камісія працягвае працу над афіцыйным перакладам Старога Запавету. Распаўсюджаны поўны беларускамоўны пераклад Бібліі, выдадзены “Біблейскім таварыствам” на падставе рукапісаў знакамітага каталіцкага дзеяча кс. Уладзіслава Чарняўскага (1916-2001). Бадай што найбольш папулярным сярод католікаў рускамоўным выданнем з’яўляецца так званая “Брюссельская Библия” на падставе Сінадальнага перакладу РПЦ, якая упершыню надрукаваная ў 70-х гг. ХХ ст. і змяшчае даволі падрабязныя і якасныя каментарыі (часткова ўзятыя з “Ерузалемскай Бібліі”) і іншыя дадатковыя матэрыялы. На яе падставе, апроч сучасных перакладаў з адпаведнымі дадаткамі, дагэтуль РБО робіць новыя выданні перакладу канца ХІХ ст., які стаў класічным. Але католікам, каторыя купляюць Біблію, варта звяртаць увагу, ці ёсць у выданні тыя кнігі, якія пратэстанты лічаць “другакананічнымі”: трэба праверыць, ці ёсць там 1-я і 2-я Кнігі Макабэяў. Каталіцкі канон Святога Пісання ў частцы Старога Запавету складаецца з 46 кніг: акрамя кніг габрэйскага (і пратэстанцкага) канона, ўключае ў сябе сем дадатковых твораў, напісаных на грэцкай і часткова арамейскай мовах. У інтэрнэце можна знайсці самыя разнастайныя пераклады на розныя мовы з дадаткамі, напрыклад, слоўнікамі. Варта карыстацца ўсім тым, што дапамагае лепш засвоіць Божае слова паводле каталіцкай традыцыі. Але мець прынамсі адно папяровае выданне ўсё ж неабходна.

Чаго варта католікам павучыцца ў пратэстантаў?

 Будзем памятаць, што сёння мы знаходзімся ў прывілеяваным становішчы ў параўнанні са шматлікімі пакаленнямі католікаў, якія да сярэдзіны ХХ ст. не мелі доступу да перакладаў Бібліі на свае нацыянальныя мовы. Сітуацыя раней была падобная да літургіі: тэкст Святога Пісання лічыўся надта “сакральным”, каб яго перакладаць на мову, якой карысталіся ў штодзённасці. У гэтым сэнсе вернікі пратэстанцкіх канфесій маюць нашмат даўжэйшую традыцыю прамога кантакту з біблійным тэкстам. Акрамя гэтага, іх падыход характарызуецца настойлівым заахвочваннем да блізкага асабістага знаёмства са словамі Пісанняў, чаго нам, католікам, варта ў іх вучыцца. Гаворка не пра тое, каб пераймаць прынцып “sola Scriptura” (“толькі Пісанне”), які быў у аснове Рэфармацыі, аднак нам ёсць шмат над чым працаваць, каб ведаць тую мову, на якой спрадвечны Бог звяртаецца да чалавека, каб мы ўмелі пачуць Яго, калі Ён гаворыць з намі.

«Дзень, прысвечаны Бібліі, не можа быць „раз на год“, але ў кожны дзень года, бо мы павінны абавязкова паглыбляць знаёмства са Святым Пісаннем і Уваскрослым», – кажа Пана Францішак. Бог выкарыстоўвае шмат шляхоў, каб быць у дыялогу з намі, спасылаючы разнастайныя знакі сваёй прысутнасці і любові. Святое Пісанне з’яўляецца Яго асаблівым спосабам расказаць нам пра гісторыю збаўлення і прывесці да веры, што кожны з нас – таксама частка гэтай гісторыі. Пастараемся ж не змарнаваць гэтага шанцу, якім Пан праз свой Касцёл хоча адарыць нас, запрашаючы да дыялогу з Ім.

Айцец Віктар Жук SJ

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі