Акультызм — гэта рэлігія сатаны. Займацца або нават цікавіцца яе формамі — адзін з самых цяжкіх грахоў супраць першай запаведзі: «Не май іншых Багоў, апроч Мяне» (Зых 20, 2–5; ККЦ, 2084).
Да акультных практыкаў належаць біяэнергатэрапія, радыёстэзія, магічныя заклінанні, спірытызм, выкарыстанне гіпнозу і трансу ў лячэнні і дыягностыцы, знахарства, варажба, астралогія, хірамантыя, карты таро і іншыя метады, якія нібыта дазваляюць даведацца пра будучыню, а таксама ўсходнія баявыя віды мастацтва, медытацыя, ёга і г. д.
Сёння ўсё больш паглыбляецца невуцтва ў рэлігіі, слабее вера. Нават вернікі ўсё менш удзельнічаюць у святой Імшы і хрысціянскіх таямніцах. Адначасова з гэтым і як вынік у людзей з’яўляецца цікавасць да розных забабонаў і акультызму. Тыя, хто разрывае повязі веры і любові, якія злучаюць нас з Богам, паддаюцца падманліваму перакананню, што яны самі знойдуць сваё шчасце ў багацці, задавальненнях, уладзе і да т.п.
Для рэалізацыі гэтых мэтаў яны звяртаюцца да розных формаў акультызму, каб выкарыстоўваць таямнічыя нематэрыяльныя сілы, а таксама звяртаюцца да «празорцаў», астролагаў, біяэнергатэрапеўтаў, варажбітаў і г. д., каб выконваць свае жаданні і дасягаць поспеху ў жыццёвых планах.
З дапамогаю амулетаў, талісманаў, магічных жэстаў, заклінанняў і рытуалаў людзі імкнуцца «завалодаць» звышнатуральнай сілай, каб абараніцца ад хваробаў, няўдачаў, каб гаспадарыць у жыцці і задавальняць усе свае эгаістычныя жаданні.
Практыкуючы разнастайныя формы акультызму, чалавек адварочваецца ад сапраўднага Бога і звяртаецца па дапамогу да таямнічых сілаў, якія аказваюцца дэманічнымі, што прыводзіць да знявольвання сіламі зла.
Можна сустрэць людзей, якія нават пасля аднаго візіту да біяэнергатэрапеўта, варажбіткі ці «празорцы» адчуваюць пастаянны галаўны боль, пакутаюць ад бяссонніцы або перажываюць духоўны неспакой, дэпрэсію і нават атакі дэманаў.
Адзіным эфектыўным спосабам выздараўлення, вызвалення ад разбуральнага ўплыву сатаны і яго слугаў — дэманаў, злых духаў — з’яўляецца духоўнае ацаленне, якое нам дае Езус Хрыстус.
Хрысціянін, які трапіў у пастку акультызму, у першую чаргу павінен шчыра і горача паспавядацца і пачаць штодзённую пастаянную малітву, каб Езус мог разарваць тыя кайданы, якімі ён сам сябе скаваў са злымі духамі шляхам шматлікіх акультных практык. Па магчымасці, трэба штодзённа ўдзельнічаць у святой Імшы, прымаць святую Камунію, каб аддаваць Езусу ўсе духоўныя і фізічныя праблемы і ўсяго сябе, абавязкова ўключаючы ва ўсё гэта Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Неабходна таксама як мага часцей маліцца на ружанцы да Найсвяцейшай Панны Марыі і Вяночак да Божай Міласэрнасці, а таксама чытаць Святое Пісанне. Гэта вельмі важна!
Для поўнага вызвалення ад знявольвання сіламі зла, для вылечвання глыбокіх духоўных траўмаў неабходны час, таму хрысціянін, які трапіў пад уплыў злых духаў, павінен цярпліва, дзень за днём, зносіць усе цяжкасці, дэпрэсіі, няшчасці, якія з’яўляюцца вынікам таго, што ён дазволіў дэманам дзейнічаць у сваім жыцці.
Вынікі дэманічнага ўплыву трэба праз малітву аддаваць Пакутуючаму Езусу, тады цяжкасці стануць бласлаўленнем для веруючага і шляхам узрастанняў святасці. Пры гэтым неабходна бязмежна давяраць Езусу і аддаваць Яму сябе, каб Ён кіраваў намі. У еднасці з Езусам мы абавязкова пераможам!
Святая Эдзіт Штайн раіць: «Усё, што мы можам і павінны зрабіць, гэта звярнуць саміх сябе да ласкі, гэта значыць, поўнасцю адрачыся ад уласнай волі і падпарадкаваць яе волі Божай, аддаючы ў Яго рукі нашую душу, гатовую прыняць Яго <…> Для гэтага ў першую чаргу неабходнае адрачэнне ад самога сябе і ўнутранае заспакаенне».
Калі хочаш вызваліцца ад рабства cатаны і парваць з акультызмам у сваім жыцці, памаліся словамі наступнай малітвы:
Пане Езу Хрыстэ! Праз заступніцтва Тваёй Беззаганнай Маці Марыі, поўнасцю давяраю Табе сябе, сваё цела і душу — усё, чым я з’яўляюся і што маю. Ты — адзіны Валадар майго жыцця, таму ўсім сэрцам шкадую аб сваім захапленні акультнымі практыкамі (удакладні, якія практыкі маюцца на ўвазе). Пане, Ты — мой адзіны Бог, мая адзіная любоў і надзея майго жыцця. Я адракаюся ад усіх акультных практыкаў, якія знявольваюць мяне, аддаючы ва ўладу сатаны. Адракаюся ад цябе, сатана, і загадваю табе ў імя Езуса Хрыста не дакранацца да майго жыцця. Амэн.
Паводле ave-maria.by
для друку