«Не спі! Варушыся! Больш варушняку!»

Сённяшні выпуск нашай моўнай старонкі прысвечаны не зусім звычайнай праблеме. Мы крыху пагаворым пра мэтазгоднасць ужывання ў беларускай мове канструкцый, якія б адпавядалі папулярным, асабліва ў асяроддзі моладзі, рускім выказванням кшталту движуха, движ. А ідэя абмеркавання абазначанай праблемы належыць чытачкам “Каталіцкага Весніка” з Віцебска спадарыням Наталлі К. і Марыне С. Яны ў лісце да аўтара моўнай рубрыкі сярод іншага пішуць: “Хацелася б даведацца, як можна перадаць па-беларуску сэнс, напрыклад, такіх рускіх сказаў: Началась какая-то движуха… Ці Я не люблю сидеть дома. Мне нравится движуха. Або: Здесь постоянный движ… Пагадзіцеся, што ў лексіконе маладых людзей гэтыя словы прысутнічаюць вельмі часта. Але калі мы захочам сказаць па-беларуску, то як гэта магло б быць? Ці па-беларуску нешта падобнае сказаць немагчыма?”

Адразу заўважу, што па-беларуску магчыма сказаць усё! Бо наша мова вельмі багатая і ў поўнай меры забяспечвае нават самыя прыдзірлівыя патрабаванні… І яшчэ хачу падзякаваць нашым шаноўным чытачкам за такую, прызнаюся, нечаканую прапанову. А таксама за ўдумлівасць, скрупулёзнасць і неабыякавасць да нашай мовы! Бо, калі ўдумацца, то насамрэч паўстае слушнае пытанне: а ці можна перадаць па-беларуску сэнс папулярных рускамоўных слэнгавых элементаў, каб таксама была захаваная і экспрэсіўнасць, і семантыка? Безумоўна, можна! Паспрабуем разабрацца.

Сапраўды, канструкцыі са словамі движуха, движ надзвычай папулярныя, найперш у маўленні моладзі. Электронны перакладчык “Белазар” у якасці беларускіх адпаведнікаў падае словы руханіна і рух. І калі першы назоўнік яшчэ мае ў сваёй семантыцы пэўную долю экспрэсіўнасці, то слова рух хіба варта разглядаць як стылістычна нейтральнае, што наўрад ці падыходзіць для абазначэння нейкіх эмацыянальна афарбаваных выказванняў. Да таго ж у рэгулярнай моўнай практыцы мы не надта часта сустракаемся з ужываннем названых лексем у адпаведных сітуацыях. Значна больш пашыраны ў беларускамоўнай камунікацыі ў такіх выпадках назоўнік варушняк. Так, можам пачуць: Чаго ты такі сонны? Больш варушняку! Або: Тут пачынаецца някепскі варушняк, выходзь і далучайся! Ці: Не падабаецца мне такая атмасфера. Хочацца нейкага імпэту, варушняку! Да таго ж і дзеяслоў варушыцца ў розных формах выдатна выконвае сваю эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю: Не спі ў шапку, варушыся! Або: Варушыся! Больш жыцця! І ўсё атрымаецца! Дарэчы, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (Т.1, Мінск, 1977) адно са значэнняў дзеяслова варушыцца падае менавіта як “займацца чым-небудзь, актыўна дзейнічаць. Ажыўляцца, праяўляць актыўнасць” (с. 466). Праілюструем гэта кантэкстамі з мастацкай літаратуры: Калі трэба было рабіць што ў полі ці з’ездзіць куды на людзі, то гэтым займаўся бацька: не такі ўжо і стары, варушыўся яшчэ як мае быць (Янка Скрыган); Першы момант анямення прайшоў, і думкі мае пачалі варушыцца (Якуб Колас); І толькі недзе там, у глыбіні душы, балюча варушылася ўчорашняя крыўда (Мікола Гамолка); Перон варушыўся нібы мурашнік (Алена Васілевіч). Як бачым, слоўнік фіксуе дзеяслоў варушыцца па сутнасці з тым жа значэннем, з якім ён ужываецца ў сучасным маўленні ў якасці слэнгавага элемента. І на базе гэтага дзеяслова ўтварыўся адметны, характарыстычны беларускі назоўнік варушняк.

Але вернемся да пачатку, да канструкцый, згаданых чытачкамі “Каталіцкага весніка” спадарынямі Наталляй і Марынай: Началась какая-то движуха… Я не люблю сидеть дома. Мне нравится движуха. Здесь постоянный движ… Па-беларуску гэта выглядае адпаведна так: Пачаўся нейкі варушняк… Я не люблю сядзець дома. Мне падабаецца варушняк. Тут пастаянны варушняк. Як бачым, гэта прыгожыя беларускія эмацыйна афарбаваныя сказы, дзе слова варушняк выдатна перадае настрой і пачуцці моўніка ў пэўнай канкрэтнай сітуацыі.

Нягледзячы на тое, што згаданы назоўнік з’яўляецца слэнгізмам, ён можа, несумненна, выкарыстоўвацца ў нефармальнай камунікацыі. Больш за тое, можна меркаваць, што яго адметнае беларускае гучанне будзе проста выдатна расквечваць увесь кантэкст.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі