Найбольшая рухомая батлейка ў свеце

У мястэчку Сан-Пайю дэ Олейруш (паўночная Партугалія) пабудавана самая вялікая рухомая батлейка на свеце. Калядную сцэну, пабудаваную на фабрыцы ў Кавалінью, можна наведаць бясплатна.

Foto010-PrespiodoCavalinho-SPaiodeOleiros-01-01-2012

Батлейка, якая налічвае больш за 160 механічных фігур, у мінулым годзе была занесена ў кнігу рэкордаў Гінеса, і нішто не паказвае на тое, што яна можа страціць сваё першынство, паколькі арганізатары арыгінальнай экспазіцыі вырашылі ў апошнія дні дадаць яшчэ некалькі новых персанажаў. Раней тытул найвялікшай каляднай батлейкі свету належаў аднаму мексіканскаму прадпрымальніку.

Як сказаў Сэржыё Алівейра, адказны за батлейку ў Сан-Пайю дэ Олейруш, пабіць рэкорд Гінеса стала магчыма дзякуючы збору на мяжы 2012-2013 гадоў некалькіх сотняў новых экспанатаў.

Foto002-PrespiodoCavalinho-SPaiodeOleiros-01-01-2012

«На сёння мы маем 162 фігуры, якія складаюць цэнтральны элемент гэтай выключнай экспазіцыі. У далейшым плануем павялічваць памеры месца, на якім размешчана калядная батлейка», — сказаў ён.

Найвялікшая рухомая батлейка свету займае плошчу паверхні каля 4 тыс. кв. м. У яе склад уваходзіць больш за 8000 фігур, якія прадстаўляюць людзей, анёлаў, жывёл, а таксама будынкі.

«Сярод фігур, далучаных ў гэтым годзе да батлейкі, з’яўляецца фігурка Папы Францішка. Ён не адзіны папа ў нашай экспазіцыі: ёсць тут фігурка Яна Паўла II. Польскі Папа прадстаўлены ў сцэне сустрэчы з сястрой Люсіяй, Фацімскай візіянеркай. Гэтая сустрэча адбылася ў час паломніцтва Папы ў Партугалію», — дадаў Алівейра.

Батлейка ў Сан-Пайю дэ Олейруш дае наведвальнікам магчымасць азнаёміцца з гісторыяй хрысціянства і Касцёла ў Партугаліі. Частка экспазіцыі прысвечана фальклору гэтай іберыйскай краіны, а таксама рэгулярным мерапрыемствам, напрыклад, партугальскім рэлігійным працэсіям або спартыўным падзеям. Сярод экспанатаў таксама ёсць мініяцюрны пасажырскі цягнік і канатная дарога.

Foto004-PrespiodoCavalinho-SPaiodeOleiros-01-01-2012 (1)

У цэнтральнай частцы батлейкі — сцэны з жыцця Езуса з Назарэта, у прыватнасці яслі, у якіх Ён ляжаў пасля нараджэння, і крыж, на якім Ён памёр. Пустая пасля Уваскрэсення грабніца ўяўляе сабой «уступ» да прэзентацыі гісторыі Касцёла ў свеце і ў Партугаліі.

Foto003-PrespiodoCavalinho-SPaiodeOleiros-01-01-2012

Аўтар ідэі гіганцкай батлейкі, размешчанай паблізу фабрыкі Кавалінью, — генеральны дырэктар гэтай установы Мануэль Жасінту Асеведу, ў прыватным жыцці — калекцыянер батлеек.

«З малой задумы, якая нарадзілася некалькі гадоў таму, у нашай ўстанове з’явілася самая вялікая батлейка ў свеце з рухомымі фігурамі. Гэтае дасягненне стала магчымым дзякуючы ўдзелу больш за 30 работнікаў нашай установы, якія штогод ў вольны час мантуюць экспазіцыю», — сказаў Сэржыё Алівейра, які працуе гандлёвым дырэктарам фабрыкі.

Некалькі залаў з надзвычайнай экспазіцыяй можна будзе бясплатна наведаць яшчэ да сакавіка 2015 года.

grodnensis.by

для друку для друку