26 лютага 2017 года біскуп Алег Буткевіч наведаў невялікую парафію Святога Міхала Арханёла ў Лужках, што ў Шаркаўшчынскім раёне. Пастырская візітацыя распачалася з мясцовай бальніцы сястрынскага догляду, дзе біскуп сустрэўся з медычным персаналам і жыхарамі гэтай установы.
А 13-й гадзіне Віцебскага ардынарыя віталі з хлебам-соллю лужкоўскія вернікі ля святыні. Затым у касцёле адбылася кароткая малітва і пробашч парафіі кс. Міхаіл Татарэнка распавёў пра гісторыю і жыццё парафіі.
Раздзялілі радасць сустрэчы вялікага госця з мясцовымі парафіянамі сваёй прысутнасцю на св. Імшы прадстаўнікі мясцовай улады, дзеці, нягледзячы на вельмі студзёны касцёл і неспрыяльнае надвор’е. Завітаў таксама і кс. Ян Пугачоў, пробашч з суседняй парафіі ў Германавічах. Падчас урачыстай Эўхарыстыі іерарх маліўся аб ласцы веры і патрэбных дарах для парафіянаў і пробашча.
У сваёй прамовы да вернікаў, біскуп Алег заклікаў прыгледзецца да рэчаіснасці нашай працы з пункту гледжання веры, Бібліі. “Ад пачатку стварэння свету, на чалавека было ўскладзена заданне – клопат пра створаны Богам свет. Да грэхападзення праца прыносіла першым людзям задавальненне. Праблема з ёй узнікла, калі чалавек саграшыў і адышоў ад Бога. Падчас выгнання з раю, Творца сказаў чалавеку: “У поце твару свайго будзеш спажываць хлеб”. З таго часу праца стала для нас цяжарам. Чым далей адыходзіць ад Бога, тым больш праблем узнікае. Бог не заахвочвае нас да беспрацоўя, нагадвае, што трэба клапаціцца і памятаць, што ёсць вышэйшай каштоўнасць за нашу працу. Шукайце на пачатку Божага Валадарства і Бог усё вам дасць”, — звярнуў увагу Віцебскі ардынарый.
Пасля св. Імшы біскуп Алег сустрэўся з прадстаўнікамі парафіяльнай рады, падчас якой закранулі розныя заданні і атрымалі адказы на больш хвалюючыя пытанні.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
