Бываючы ў Ружанах, штораз ловіш сябе на думцы, што знаходзішся ў месцы, дзе перасякаюцца розныя эпохі і ажывае гісторыя. Не выключэнне і касцёл Святой Тройцы. Пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя, храм ніколі не зачыняўся і заўсёды чакаў вернікаў. Як і свайго часу чакаў унікальны барочны арган — сапраўдны гонар касцёла, які, дзякуючы Божай дапамозе і людской неабыякавасці, быў адрэстаўраваны да канцэртнага стану. Музычны інструмент маўчаў цэлае стагоддзе, каб сёлета нарэшце «загаварыць» сваёй велічнай і непаўторнай мелодыяй. Інаўгурацыя аргана адбылася ў сярэдзіне верасня, і з гэтага часу на працягу цэлага месяца ў касцёле Святой Тройцы праходзілі канцэрты арганнай музыкі ў рамках фестывалю «Ars Magna Organi» («Вялікае Мастацтва Аргана»).
На працягу пяці выхадных запар жыхары і госці Ружан маглі паслухаць арган і пазнаёміцца са знакамітымі музыкантамі з Беларусі, Расіі, Германіі і не толькі. Кожны з 10 канцэртаў стаў сапраўднай культурнай падзеяй як для невялікага пасёлка, так і для першага рэгіёна. Амаль ніводнага з іх не прапусцілі мінчане Галіна Сямёнаўна і Алег Віктаравіч Хрэнавы.
— Асабліва запоўніўся нам канцэрт ансамбля «Камерныя салісты Мінска». У сталіцы на такі трэба было б набываць білеты загадзя. З задавальненнем наведалі б зноў і канцэрт «Загорскі-квартэт». Верым, што праз год зможам прыехаць у любімыя Ружаны і далучыцца да высокага мастацтва аргана, — дзеліцца ўражаннямі Галіна Сямёнаўна.
Гонар закрываць фестываль у Ружанах выпаў венгерскаму музыканту Дзюла Сіладзьі, а таксама мінскай арганістцы Ганне Лабкоўскай. Адметна, што Дзюла ўпершыню наведаў Беларусь і адразу прызнаўся, што яму тут вельмі спадабалася. Пабываў у ружанскім палацы і Петрапаўлаўскай царкве, ад наведвання якіх застаўся ў вялікім захапленні.
— Вельмі рады, што ў Беларусі адраджаюць арганы, што ёсць такі фестываль. Спадзяюся, што ў будучым канцэрты ў Ружанах і не толькі будуць збіраць яшчэ больш людзей. Жадаю жыхарам і гасцям Ружан усяго самага добрага! — сказаў Дзюла Сіладзьі ў размове з карэспандэнтамі.
А перад гэтым у касцёле гучаў арган. Здавалася, інструмент размаўляў з намі, быццам апавядаючы сваю, непаўторную, асаблівую, чароўную гісторыю, напаўняючы храм святлом і Божай веліччу. І сапраўды, праграма канцэрта Дзюла Сіладзьі была звязана з яго жыццём. Значнае месца ў ёй заняў вялікі блок іспанскай музыкі. Падрыхтаваў Дзюла і своеасаблівы інтэрактыў для слухачоў: разам з арганістам яны праспявалі фрагмент адной з кампазіцый канцэрта. У завяршэнне музыканта віталі гучнымі апладысментамі, а ў якасці памятнага падарунка ўручылі тое, што заўсёды будзе нагадваць пра Ружаны, — выцінанку Юрыя Малышэўскага.
Не менш эмоцый выклікаў і нядзельны канцэрт Ганны, якая расказала, што гэты фестываль — не першы для яе, і вельмі верыць, што яшчэ абавязкова прыедзе ў Ружаны.
Па словах жа мастацкага кіраўніка фестывалю «Ars Magna Organi» Аляксандра Бурдзялёва, найчасцей падчас канцэртаў у касцёле Святой Тройцы гучалі творы Іагана Себясцьяна Баха, Яна Пітэрсона Свелінка, Георга Бёма.
— За дзесяць канцэртаў за арганам былі розныя выканаўцы, як і фарматы саміх канцэртаў былі рознымі. У Ружаны мы накіравалі вопытных музыкантаў, тых, у чыім рэпертуары ёсць творы, напісаныя кампазітарамі да сярэдзіны XVIII стагоддзя. Усё з-за таго, што ружанскі арган — звышбарочны. Усе музыканты заслугоўваюць высокага прызнання. І мы ўдзячны, што ў нас атрымалася правесці фестываль, удзячны за вялікую цікавасць да падзеі, — адзначыў Аляксандр.
Мы ж спадзяёмся, што ружанскі арган будзе працягваць сваё жыццё, дорачы не толькі прыгожую музыку, але і выклікаючы ў людзей ўсмешку ці слёзы, пераносячы ў свае думкі і набліжаючы да Бога, а правядзенне фестывалю, будзем верыць, стане добрай традыцыяй.
![для друку для друку](https://catholicnews.by/wp-content/plugins/wp-print/images/print.gif)