На працягу тыдня ў свеце ад COVID-19 памерлі дзевяць біскупаў

На працягу тыдня ў свеце ад COVID-19 памерлі дзевяць каталіцкіх біскупаў, у тым ліку адзін кардынал. Іерархі паходзілі з Бразіліі, Калумбіі, Польшчы, Румыніі, Венесуэлы, Вялікабрытаніі, Італіі і Замбіі.

8 студзеня памёр 69-гадовы біскуп Кастар Асвальда Азуахэ Пэрэс, пастыр дыяцэзіі Трухільё ў Венесуэле. Праз два дні ва ўзросце 88 гадоў памёр Адам Дычкоўскі, біскуп-эмерыт Зялёнагурска-Гожаўскі ў Польшчы. 11 студзеня памерлі два іерархі: 91-гадовы арцыбіскуп Оскар Рыцата з Італіі – Элемазінарый падчас пантыфікату Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI, і 74-гадовы біскуп Луіс Адрыяна П’едрахіта Сандавал – пастыр дыяцэзіі Санта-Марта ў Калумбіі. 12 студзеня памёр 61-гадовы грэка-каталіцкі біскуп Фларэнтын Крыхэлмяну, пастыр Клуж-Герлійскай епархіі ў Румыніі.

Самым трагічным днём было 13 студзеня, калі загінулі чатыры іерархі: 88-гадовы кардынал Эузэбіу Оскар Шэйд – ацыбіскуп-эмерыт Рыа-дэ-Жанэйра ў Бразіліі; 70-гадовы арцыбіскуп Філіп Тарталья – мітрапаліт Глазга ў Вялікабрытаніі; 87-гадовы біскуп Марыё Чэкіні – біскуп-эмерыт Фана-Фосамбронэ-Кальі-Пергала ў Італіі, і 53-гадовы біскуп Мозэс Хамунголе – біскуп Монзэ ў Замбіі, у мінулым адказны рэдактар Афрыканскай англамоўнай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку