На мёрскім касцёле ўсталявалі шыльду ў гонар жаўнераў Арміі Андэрса

Адкрыццё памятнай дошкі адбылося ў нядзелю, 1 верасня.

Менавіта ў гэты дзень восемдзесят гадоў таму пачалася Другая сусветная вайна, якая забрала жыцці больш як 55 мільёнаў чалавек.

Шмат хто з нашых землякоў змагаўся з нацыстамі не толькі на ўсходнім фронце, але і на Захадзе. Доўгі час пра іх або наогул не ўспаміналі, або лічылі іх здраднікамі. Шмат хто з іх пацярпеў ад савецкай улады, калі вяртаўся на родную зямлю. Але настаў час аднавіць гістарычную справядлівасць – годна ўшанаваць памяць гэтых людзей.

Менавіта гэтым і кіраваліся нашчадкі ветэранаў Арміі Андэрса з Мёршчыны Аляксандр Рынкевіч, Павел Лутохін і Арцём Сухойда, чые дзяды і прадзеды ваявалі на заходнім фронце і ўдзельнічалі ў бітве пад Монтэ-Касіна. Ідэя ўшанаваць памяць сваіх продкаў узнікла ў іх колькі гадоў таму. Каб яе ажыццявіць, спатрэбілася шмат працы: трэба было сабраць матэрыялы, напісаць навуковае абгрунтаванне, атрымаць усе дазволы, сабраць грошы…

– Ідэя з’явілася пяць гадоў таму. Мы пазнаёміліся з Пашам і Арцёмам. І вось з Божай дапамогай мы гэта зрабілі, у нас атрымалася. Шмат хто нам дапамагаў, хто грашыма, хто проста падтрымкай, хто транспартам, – кажа Аляксандр Рынкевіч, галоўны з ініцыятараў устаноўкі памятнай шыльды.

Арцём Сухойда дадае: «На першы погляд здаецца, што гэта проста. Але намі было затрачана шмат сілаў і энергіі. Трэба было сабраць шмат інфармацыі, дамовіцца з людзьмі, трэба была і фінансавая падтрымка. Саша для гэтага практычна ўсе Мёры арганізаваў.»

На адкрыцці Памятнай шыльды прысутнічалі вернікі, святары, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, польскай дыпламатычнай місіі на чале з Марцінам Вайцяхоўскім, раённую ўладу прадстаўляў Валерый Драба. Праводзіла мерапрыемства супрацоўніца браслаўскага музея Ганна Базарэвіч.

На пачатку мерапрыемства выступілі ініцыятары ўсталявання гэтай памятнай шыльды. Арцём Сухойда распавёў, што ў гэтым годзе яму з бацькам пашчасціла пабываць у Італіі на мерапрыемствах, прысвечаных 75-годдзю бітвы пад Монтэ-Касіна. Прадзед Арцёма Ян Сухойда ўдзельнічаў у гэтай бітве ў складзе 4-га танкавага палка “Скарпіён”.

Арцём адзначыў, што яны ў Італіі размаўлялі з прадстаўнікамі розных краін і было прыемна, што людзі з Вялікабрытаніі, Францыі, Злучаных Штатаў, Японіі, Новай Зеландыі ведаюць, што ў складзе Арміі Андэрса ваявалі і беларусы. На жаль, у нас на радзіме пра гэтых герояў часта зусім не ведаюць.

Таму ўсталяванне гэтай шыльды дапаможа аднавіць гістарычную справядлівасць, і пра подзвіг тых людзей будуць ведаць і ў нашай краіне.

Пасля гэтага Аляксандр, Павел і Арцём пад апладысменты прысутных знялі тканіну, якая закрывала памятную шыльду.

На ёй напісаныя словы: “Мемарыяльная дошка ў гонар воінаў-землякоў, якія ваявалі супраць нямецкіх захопнікаў у складзе Арміі генерала У.Андэрса і іншых баявых злучэннях на Заходнім фронце (1939–1945 гг.)”, а таксама на беларускай і польскай мовах прыведзеныя такія словы:

Італьянскім Сталінградам
тое месца завуць,
Дзе цяпер крыжы белыя
ўздоўж гары.
Памяць Монтэ-Касінамакі там берагуць,
Дзе ляжаць нашы
Прадзеды-змагары.

Пасля адкрыцця шыльды выступіў пробашч Мёрскай парафіі кс. Андрэй Кулік, які на пачатку прывёў словы Хрыста:

– Няма большай любові, калі хтосьці аддае жыццё за сяброў сваіх.

Гэтыя людзі аддалі свае жыцці за свае сем’і, за сваю краіну, за свой народ, і мы павінны пра іх памятаць.

 – Няхай адкарыццё гэтай дошкі натхніць нас на вывучэнне сваёй гісторыі, сваіх каранёў, сваёй мовы, любіць яе. З гэтага пачынаецца наша ўнутраная свабода, якая дапамагае нам свабодна жыць у знешнім свеце, – такімі словамі скончыў святар свой выступ.

Пасля гэтага адбылося асвячэнне памятнай шыльды ў гонар землякоў, што ваявалі на заходнім фронце. Далей словы атрымалі прадстаўнік польскай амбасады Марцін Вайцяхоўскі і прадстаўнік раённай улады Валерый Драба. Яны адзначылі, што важна памятаць гістарычныя ўрокі, каб у будучым не паўтараліся падобныя трагедыі. І сённяшняя падзея – гэта яшчэ адзін крок у гэтым кірунку.

Выступіў таксама настаўнік гісторыі і краязнаўца з Мёраў Вітольд Ермалёнак, які адным з першых у рэгіёне пачаў збіраць звесткі пра землякоў, што ваявалі на захадзе. Ён адзначыў гістарычную значнасць сённяшняй падзеі, у якой ёсць і яго немалы ўклад.

Напрыканцы мерапрыемства да шыльды былі пакладзеныя кветкі і запаленыя знічы, а яго ўдзельнікі накіраваліся ў храм на святую Імшу.

Зміцер Лупач, тэкст і відэа
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі