25 красавіка адбылося асвячэнне каталіцкага крыжа, які быў усталяваны напярэдадні Вялікай пятніцы на ўездзе ў Браслаў з боку Паставаў. Крыж з’яўляецца знакам Божай міласэрнасці і сведчаннем веры.
Як зазначыў ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд, «гледзячы на гэты крыж, будзем памятаць, што паміраючы на ім, Хрыстус паказаў нам сваю бязмежную любоў. Праслаўляючы крыж, будзем памятаць пра Хрыста, Які праз Кроў сваю, пралітую на ім, знішчыў усялякія падзелы, што існуюць паміж людзьмі, і з розных народаў учыніў адзін Божы народ. Аддаючы пашану крыжу, успомнім, што, як вучні Хрыста, мы пакліканы да нясення нашага штодзённага крыжа і да наслядавання Пана. Пастараемся яшчэ глыбей зразумець таямніцу Крыжа і яго збаўчую моц».
Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву парафіян з уладамі і арганізацыямі раёна ўсталяванне крыжа заняла даволі кароткі час. Падчас суботніка 29 сакавіка адбылося добраўпарадкаванне пляцоўкі, якую дапамог зрабіць Відзаўскі прафесійна-тэхнічны каледж. Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін разам са старшынёй райсавета Нінай Пучынскай пасадзілі туі. А сам крыж зрабіў Андрэй Брынза, адмысловы майстар, які ўжо не адзін год працуе ў нашым касцёле. Дапамагалі таксама СВК “Маяк Браслаўскі”, брасласлаўская ЖКГ на чале з Пятром Белусем і ДЭУ 34 г. Браслава.
Падчас малітвы каля новаасвечанага крыжа прагучалі такія словы: «Благаслаўляем Цябе, Божа, Святы Ойча, бо калі чалавек праз райскае дрэва заслужыў вечную згубу, у сваёй неспасцігальнай любові праз дрэва крыжа Ты адарыў яго збаўленнем і жыццём. Пан Езус – Святар, Настаўнікі і Кароль – калі надышла гадзіна Яго Пасхі, дабравольна ўзышоў на дрэва крыжа і ўчыніў яго тронам сваёй хвалы, алтаром ахвяры і пасадам праўды. Узняты над зямлёй, Ён атрымаў перамогу над спрадвечным ворагам і пурпурай уласнай Крыві ўсіх прыцягнуў да Сябе».
І сапраўды: нягледзячы на даволі халоднае надвор’е і ўсцяж прысутную пагрозу з боку пандэміі, вакол крыжа сабраліся вернікі нашай парафіі і ганаровыя госці: Аляксандр Баданін, яго намеснік Вольга Вялічка, Ніна Пучынская і Рамуальд Шукель, старшыня СВК «Маяк Браслаўскі». Былі таксама прадстаўнікі ЖКГ і ДЭУ 34, сёстры эўхарысткі і айцы сальватарыяне.
Молячыся, ксёндз пробашч даверыў Богу ўсіх тых, хто будзе ўшаноўваць гэты прыдарождны крыж. «Таму просім Цябе, Божа, няхай Твае верныя, ўшаноўваючы гэты збаўчы знак крыжа, атрымаюць плён адкуплення, які Езус Хрыстус выслужыў нам праз сваю смерць. Няхай ля падножжа алтара паміраюць для граху, яго моцаю перамагаюць пыху і знаходзяць падтрымку ў слабасці. Ва ўсім няхай з крыжа чэрпаюць суцяшэнне, у небяспецы шукаюць у ім паратунку. Падтрыманыя моцаю крыжа няхай шчасліва крочаць шляхамі свету, пакуль Ты, Ойча, не прымеш іх назаўсёды ў Твой нябесны дом. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.»
На заканчэнне абраду асвячэння крыжа ўсе прысутныя памаліліся «Ойча наш» і атрымалі блаславенне.
Спадар Аляксандр Баданін, адказваючы на словы ўдзячнасці, якія скіраваў да яго кс. Станіслаў ад імя браслаўскіх католікаў, зазначыў, што ўсталяванне крыжа – гэта справа, зробленая разам і такое супрацоўніцтва вельмі важнае. Гэтыя словы былі падтрыманыя гучнымі воплескамі.
Заканчэннем падзеі была таямнічка Святога ружанца і ўрачысты спеў “Krzyżu Święty nade wszystko…”.
С. Іна Амельчанка SJE, тэкст;
Ірына Гайдамовіч, фота
