“Мы на зямлі знаходзімся ў гасцях”: адбылося пахаванне таты ксяндза каноніка Аляксея Раманчука

27 чэрвеня 2024 года ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле адбылося развітанне з татам кс. каноніка Аляксея Раманчука, пробашча парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Віктар Раманчук адышоў у вечнасць ва ўзросце 79 гадоў. Цэлебрацыю святой Імшы і абрады пахавання на могілках узначалілі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Біскуп Юрый падчас гаміліі паразважаў пра жыццё чалавека на зямлі, якое не з’яўляецца вечным, а часовым і мы тут толькі ў гасцях. “Кожны з нас пакліканы не толькі пражыць дастойна і дайсці да вечнасці, але і пакінуць на зямлі пэўны свой след. Калі чалавек адыходзіць, вельмі часта паўстае пытанне “які след пакідае чалавек?”. Сёння мы дзякуем Богу за дар жыцця Віктара, за ўсё тое, што яго родныя і блізкія дасведчылі і атрымалі падчас прабывання разам”.

Віктар Раманчук быў адным з першых, хто браў удзел у аднаўленні святыні ў Удзеле, пасля вяртання яе вернікам. Разам з жонкай Уладзіславай выхаваў трох дзяцей – сына-святара і двух дачок.

Пахаванне святой памяці Віктара Раманчука адбылося на мясцовых могілках у в. Лазічы (Глыбоцкі раён).

Марына Сінкевіч, тэкст
С. Валянціна Лішэнка RM, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі