“Мужчынскі дзень”: у Смаргоні адзначылі ўрачыстасць св. Юзафа

У парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні 19 сакавіка ўжо традыцыйна лічыцца мужчынскім днём. Св. Юзаф, урачыстасць якога адзначае Касцёл у гэты дзень, шануецца ў гэтай святыні пад тытулам “Sancte Ioseph, custos virorum” – “Святы Юзаф, апякун мужчынаў”. Мужчыны парафіі духоўна рыхтуюцца да свайго асаблівага свята праз навэнну і мужчынскія адарацыі кожнага 19-ага дня месяца. Таксама на працягу года мужчыны рэгулярна збіраюцца на разважанне святой Бібліі метадам “Lectio Divina” і супольнае абмяркаванне жыццёвых спраў.

Ва ўрачыстасць свайго апекуна, мужчыны чувалі на адарацыі, падчас якой разважалі над тэмай Божага бацькоўства. Пасля адарацыі распачалася святочная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Артур Ляшнеўскі SDB. Гамілію да сабраных прамовіў кс. Міхал Радзевіч SDB, які падкрэсліў: “Евангеллі паказваюць нам Юзафа маўклівага, але заўсёды прысутнага ў ключавыя моманты жыцця Марыі і Езуса. Хоць ён, здаецца, застаецца ў цені, але, калі трэба, прымае пэўныя рашэнні. Юзаф уяўляе асобу, якую можна апісаць словамі “не словамі, а справамі”. Бо тое, што пацвярджае нашу сапраўднасць і вернасць каштоўнасцям, — гэта канкрэтны ўчынак, праз які я сведчу, кім я з’яўляюся і хто або што для мяне важнае.”

На заканчэнне святой Імшы святары кожнага мужчыну і хлопца індывідуальна бласлаўлялі, накладаючы на іх галовы рукі. Пасля адбылася працэсія з фігурай св. Юзафа вакол касцёла. Пад гук званоў, вернікі спявалі Літанію да святога цесляра з Назарэту. Пасля працэсіі перад фігурай святога, мужчыны прафіі на каленях прачыталі Акт прысвячэння сябе св. Юзафу.

кс. Артур Ляшнеўскі SDB

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі