Міністрант з Глыбокага атрымаў ліст ад Папы Рымскага

У снежні Антон Згірскі, сямікласнік з в. Гірстуны (Глыбоцкі раён) і лектар у касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім, напісаў Папе Рымскаму ліст. Там юнак распавёў пра сваё жыццё і аб тым, што з’яўляецца міністрантам, павіншаваў Святога Айца са святам Божага Нараджэння і пажадаў святасці і добрай службы пры Алтары Пана. І вось у пачатку лютага атрымаў адказ з Ватыкана.

“Вяртаючыся са школы ўбачыў у паштовай скрыні пісьмо. Забраў пошту, адразу нават і не зразумеў, але потым дома як убачыў зваротны адрас, то аж рукі затрэсліся,” – кажа юнак.

Сваёй радасцю міністрант падзяліўся з сябрамі ў касцельным акружэнні, а таксама з кс. канонікам Віктарам Місевічам і паказаў падарункі – паштоўку з Божым Нараджэннем з подпісам Папы і ліст.

На пытанне “як такая ідэя прыйшла табе, каб пісаць лісты іерархам?” Антон адказаў, што проста захацеў павіншаваць са святам. І распачалося ўсё з перапіскі з мітрапалітам Юзафам Станеўскім. “У мінулым годзе віншаваў арцыбіскупа Юзафа з Вялікаднем і Божым Нараджэннем і атрымліваў адказы. У гэтым годзе вырашыў напісаць яшчэ біскупу Аляксандру Яшэўскаму, біскупу Алегу Буткевічу і Папе Францішку. Адказ атрымаў пакуль толькі ад Святога Айца”. “Папа Францішак найбольш пільна сочыць за карэспандэнцыяй”, – усміхнуўся кс. Віктар.

Міністрант ужо і не спадзяваўся атрымаць адказ ад Папы, бо больш за месяц прайшло пасля святаў. Цяпер у планах Антона напісаць ліст і віншаванне на Вялікдзень кардыналу Клаўдыё Гуджэроцці.

Марына Сінкевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі