Міністэрства культуры падтрымала ідэю адбудовы касцёла Святога Антонія ў Віцебску

vicebsk_pressa41

Міністэрства культуры падтрымала ідэю адбудовы касцёла Святога Антонія ў Віцебску. Пра гэта паведаміў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч падчас прэс-канферэнцыі ў Віцебскай катэдры, якая адбылася 9 снежня 2015 года.

Раней храм Святога Антонія пабудовы XVIII знаходзіўся на Ратушнай плошчы ў Віцебску і быў зруйнаваны ў 1940-я гады. На дадзены момант Касцёл распаўсюджвае інфармацыю пра архітэктурны ансамбль знішчанага храма.

vicebsk_pressa03

Як зазначыў Яго Эксцэленцыя, у 2015 годзе значная ўвага надзялялася ўрэгуляванню маёмаснага статусу нерухомасці Касцёла і інжынернай ацэнцы стану будынкаў. Была праведзеная вялікая праца, якая дазволіла даволі аб’ектыўна ацаніць матэрыяльнае становішча дыяцэзіі.

Па словах біскупа, у Віцебскай дыяцэзіі ўсе сакральна-культавыя будынкі належаць Касцёлу. Да нядаўняга часу будынак касцёла Святой Барбары, як і Чырвоны касцёл у Мінску, не належыў самой парафіі. Але гэтае пытанне было даволі хутка вырашанае, і ўлады без усялякіх перашкодаў аддалі будынак на баланс дыяцэзіі.

Таксама ў гэтым годзе было здзейснена шмат працы, каб будынак касцёла Святога Антонія па вуліцы Гагарына ў Віцебску ўпрыгожыў яе сваім хараством. Акрамя капліцы ў будынку касцёла запланаваная кіназала, якая будзе прыстасаваная для розных канцэртаў, фестываляў, праглядаў фільмаў. Малітоўную залу ўжо ўпрыгожвае роспіс, выкананы мастаком Уладзімірам Кандрусевічам. І хоць працы яшчэ не скончаныя, але вернікі ўжо чакаюць асвячэння храма. Яго Эксцэленцыя паабяцаў, што гэта адбудзецца ў хуткім часе, да ўрачыстасці ў гонар Святога Антонія, але, калі атрымаецца, мо і раней.

У мікрараёне Білева ўзнікла новая парафія, пробашчам якой ужо прызначаны ксёндз Адам Дынак. У перспектыве ёсць надзея на хуткую пабудову касцёла ў гэтым раёне.

Біскуп Алег Буткевіч звярнуў увагу на тое, што 2016 год абвешчаны Святым Айцом Юбілейным Годам Міласэрнасці. 8 снежня Папа Францішак здзейсніў абрад адкрыцця Святых Дзвярэй — Брамы Міласэрнасці ў базіліцы Святога Пятра ў Рыме.Унікальнасць гэтага года ў тым, што такія ж Брамы Міласэрнасці будуць адчыненыя ў кожнай дыяцэзіі па ўсім свеце. У Віцебскай дыяцэзіі яны адчыняцца 13 снежня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску і ў Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі біскуп Алег Буткевіч падзяліўся з журналістамі аплаткам і павіншаваў прысутных з надыходзячым святам Божага Нараджэння. А таксама падараваў журналістам канцэлярскія прыналежнасці з выявай касцёла Святога Антонія XVII стагоддзя і пажадаў поспехаў на творчай ніве.

vicebsk_pressa36

Таццяна Смоткіна, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі