Біскуп Буткевіч падпісаў дэкрэт, які ўстанаўлівае касцёлы ў Віцебскай дыяцэзіі, у якіх будуць адкрыты Брамы Міласэрнасці ў Юбілейным Годзе

butkevich-herb№ 25/11/2015/Бп
Віцебск, 04 снежня 2015

ДЭКРЭТ

устанаўліваючы ў Віцебскай дыяцэзіі касцёлы,
у якіх будуць адкрыты ў Юбілейным Годзе Брамы Міласэрнасці

Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы (Зых. 34, 6), пажадаў, каб чалавек мог няспынна пазнаваць Яго боскую сутнасць розным чынам і ў розныя моманты гісторыі. (…) Міласэрнасць – гэта найвышэйшы і канчатковы чын, праз які Бог выходзіць нам насустрач. (…) Міласэрнасць – гэта шлях, які лучыць Бога з чалавекам, бо адкрывае сэрца на надзею, што мы будзем умілаваныя назаўсёды, нягледзячы на недасканаласць, якой ёсць грэх (Misericordie Vultus 1-2).

Булай Misericordie Vultus з 11 красавіка 2015 г. Святы Айцец Францішак абвясціў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які распачнецца 8 снежня 2015 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а скончыцца 20 лістапада 2016 г., ва ўрачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету. У дзень інаўгурацыі Святога Года Папа Францішак адчыніць у базіліцы св. Пятра ў Ватыкане Святыя Дзверы, якія стануцца Брамай Міласэрнасці, дзе кожны, хто будзе ўваходзіць праз яе, зможа спазнаць любоў Бога, які суцяшае, прабачае і дае надзею (Misericordie Vultus 3). Затым 13 снежня 2015 г. у ІІІ Нядзелю Адвэнту будуць адчынены Святыя Дзверы ў наступных папскіх базіліках, і ва ўсіх мясцовых Касцёлах.

Вернікі змогуць у гэтым Святым Годзе перажыць і атрымаць адпуст, адбываючы пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у кожнай Катэдры і ў вызначаных дыяцэзіяльным біскупам касцёлах, а таксама ў чатырох Папскіх Базіліках у Рыме. Гэты момант мае быць злучаны з Сакрамантам Паяднання і поўным удзелам у св. Імшы, а таксама з задумай над міласэрнасцю. Пасля праходу праз Святыя Дзверы, акрамя звычайных умоваў вернікі будуць павінны затрымацца на малітве, каб споўніць апошнія акты якія патрабуюцца: вызнанне веры і малітва за Папу, а таксама малітва ў папскіх інтэнцыях. Папа Францішак прызнаў таксама магчымасць атрымаць адпуст паводле стану сэрца асобам хворым, у вязніцах і кожнаму, хто асабіста спаўняе справу міласэрнасці. Юбілейны адпуст можна будзе атрымаць таксама для памерлых (пар. Misericordie Vultus).

У адказ на папскую булу, у клопаце аб духоўным дабры ўсіх вернікаў нашай дыяцэзіі, вызначаю акрамя нашага катэдральнага касцёла парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску таксама касцёл парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе (дыяцэзіяльны Санктуарый Валадаркі азёраў), у якіх будуць адчынены Брамы Міласэрнасці.

Звяртаюся да душпастыраў, якія служаць у гэтых касцёлах, каб з дапамогай святароў з суседніх парафій і дэканатаў забяспечылі па меры магчымасці сталы доступ да сакраманту пакуты і паяднання, каб як найбольшая лічба вернікаў магла атрымаць ласку міласэрнасці і індульгенцыю (адпуст). На час трывання Юбілею Міласэрнасці ўсе святары маюць права адпускаць грэх аборта, звальняючы праз ужыванне адпаведнай формулы, з кары экскамунікі.

На глыбокае духоўнае перажыванне Святога Года Міласэрнасці ўдзяляю ўсім пастырскае бласлаўленне, выпрошваючы шчодрыя Божыя дары.

† Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

для друку для друку