“Марыя — такая як Ты”: у Гудагаі адбылася жаночая малітоўная сустрэча

З 19 па 20 кастрычніка ў мястэчку Гудагай пад кіраўніцтвам Сясцёр Змёртвыхпаўстанак адбылася малітоўная сустрэча дзяўчат і жанчын на тэму: “Марыя — такая як Ты”.

Падчас сустрэчы, абапіраючыся на фрагмент Евангелля аб Звеставанні, разважалі пра прыгажосць і жаночасць. Тэма жаночасці з’яўляецца вельмі актуальнай у наш час.

“У сучаснай жанчыны вельмі шмат сацыяльных роляў, цяжка знайсці нават гадзіну для сваіх асабістых заняткаў, не кажучы ўжо пра глыбокую малітву. Але без гэтага перапынку, без гэтых хвілін для Бога і сябе, жанчына (ды ўвогуле кожны чалавек) губляе сваю ідэнтычнасць, губляе сувязь з Богам. Таму такая форма духоўнага уікэнду вельмі патрэбная. Асаблівую ўвагу на мінулай сустрэчы здабыла тэма жаночай годнасці і каштоўнасці. У жанчын, якія сабраліся, каб разам правесці час з Марыяй, было шмат пытанняў, на якія яны падчас Святой Імшы, Адарацыі і канферэнцый намагаліся знайсці адказы. Было бачна, якая ўнутраная духоўная праца была ў кожнай з нас.” – так дзеліцца сваімі перажывання і думкамі адна з удзельніц.

“Вельмі каштоўным было для мяне, паглядзець на прыгажосць жанчыны ў цішыні і прыгажосці навакольнага асяроддзя, у супольнай малітве. Вельмі часта, пачуць голас Бога, перашкаджае сацыяльны шум вялікіх гарадоў, а менавіта тут, у Гудагаі, як бы нехта выключыў сацыяльнае радыё і загучала сімфонія Святога Пісання.“ – падкрэслівае адна з удзельніц.

Кожная жанчына мела магчымасць нанова ўсвядоміць, што Пан Бог пра яе марыў адвеку, што насіў яе вобраз, а ў моманце стварэння ўдыхнуў праз пацалунак у яе жыццё. Гэты час малітвы, быў часам, калі кожная жанчына магла сабе ўсвядоміць, што жанчына – гэта гармонія, паэзія, прыгажосць, і таямніца.

с. Марыя Пія CR,  тэкст і фота

для друку для друку