На электронным рэсурсе бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук апублікаваная лічбавая копія гравюры другой паловы XVIII стагоддзя, на якой выяўлены абраз Маці Божай Браслаўскай.
Кідаюцца ў вочы якаснае мастацкае выкананне і “водныя” матывы ў афармленні. Выява з’яўляецца сведчаннем часу, калі пашыралася шанаванне гэтага цудадзейнага абраза. Сама гравюра не надта вялікая: 17,8 на 11,2 сантыметраў – крыху большая за стандартную паштоўку. З подпісу ўнізе можна даведацца, што выява надрукаваная ў нямецкім Аўгсбургу, які ў XVIII стагоддзі быў вялікім асяродкам гравёрства, “еўрапейскай фабрыкай малюнкаў”. У аўгсбургскіх майстроў часта замаўлялі гравюры манаскія ордэны з Вялікага Княства Літоўскага. Аўтарам гравюры быў Ёзаф Эразмус Белінг, творчая актыўнасць якога прыпадае на 1750-1780 гады. Выдаўцом пазначаны Маціяс Клек. У яго выдавецтве выйшлі таксама выявы Будслаўскага і Жыровіцкага абразоў Маці Божай, прычым жыровіцкая гравюра кампазіцыйна вельмі падобная да браслаўскай.
У ніжняй частцы гравюры мы бачым дзве постаці. Злева – рымскі салдат у даспехах, ён кленчыць на камені на правае калена. Камень ляжыць на беразе вадаёма, дзе з вады паказваюцца дзве вялікія рыбіны. На рыбіне кленчыць на правае калена персанаж антычнай міфалогіі Нептун з трызубам. Абодва трымаюць, падняўшы высока над галавой, абраз Маці Божай Браслаўскай. На выяве абраза мы бачым характэрныя для ўсходняй іканаграфіі грэцкія скарачэнні “Марыя Багародзіца” і “Езус Хрыстус”. Жаўнер трымае сцяг, на якім напісана па-царкоўнаславянску “Покровъ/й заступнице”. На стужцы справа надпіс “Пристанище обуреваемым” (“Прытулак ахопленых бурай”) – гэты тытул Панны Марыі часам ужываюць у малітвах хрысціяне ўсходняй традыцыі. Ніжэй за абраз, за вадаёмам, намаляваны востраў, да якога вядзе мост, на востраве – царква, кляштар і капліца. Унізе гравюра падпісана па-польску: “Выява цудоўнага абраза Н[айсвяцейшай] Панны Марыі, які знаходзіцца ў Царкве Манастырскай Браслаўскай на Купіне паміж водамі”.
Цудадзейны абраз спачатку знаходзіўся ў царкве базыльянскага манастыра на востраве на возеры Неспіш – за чатыры кіламетры на паўночны ўсход ад браслаўскага касцёла. Для гэтага азёрнага краю было звыклым будаваць на астравах: можна згадаць, напрыклад, астраўныя замкі ў Дрысвятах і Іказні. Манастыр пачаў існаваць у канцы XV стагоддзя – пра гэта сведчаць пісьмовыя крыніцы, а таксама знаходкі манет часоў Аляксандра Ягелончыка падчас раскопак, якія ў 2019 годзе праводзіў археолаг Мікалай Плавінскі.
Першапачаткова манастыр быў праваслаўным. У выніку Брэсцкай уніі 1596 года праваслаўныя епіскапы ў Вялікім Княстве Літоўскім вызналі паслушэнства Апостальскай Сталіцы. Тады манастыр стаў грэка-каталіцкім. Пасля рэформы грэка-каталіцкага манаства ў 1617 годзе ён стаў належаць да новастворанага ордэна базыльянаў, які грунтаваўся на старажытным статуце Васіля Вялікага. У другой палове XVII – пачатку XVIII стст. браслаўскі манастыр часова апусцеў. У 1720-я гады манаскае жыццё на востраве возера Неспіш аднавілася. Цудадзейны абраз Маці Божай быў змешчаны ў манастырскай царкве, верагодна, у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Найбольшы росквіт манастыра і пачатак культу абраза Маці Божай адносіцца да перыяду, калі архімандрытам (настаяцелем) стаў Ян-Геранім Нерэзій. Ён займаў гэтую пасаду з 1765-га да 1790-га года. У Вільні былі надрукаваныя дзве брашуры Яна-Гераніма Нерэзія, прысвечаныя шанаванаму абразу, а ў Аўгсбургу – гравюра з яго выявай. Пра масавае паломніцтва ў другой палове XVIII стагоддзя сведчаць і шматлікія манеты таго перыяду, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак.
Выява манастыра на гравюры з’яўляецца сімвалічнай і не перадае яго сапраўдны выгляд. Больш дакладнай крыніцай інфармацыі пра манастыр і царкву з’яўляюцца інвентары і матэрыялы візітацый. У візітацыі 1819 года гаворыцца, што на цудадзейным абразе Маці Божай былі срэбныя пазалочаныя шаты, на галовах – срэбныя кароны, адна з якіх пазалочаная. Царква ж была драўляная, крыжападобная ў плане, мела дзве вежы спераду, гонтавы дах. Побач стаяла васьмікутная званіца, на якой былі тры званы. Манастыр быў драўляны, у дзве лініі, побач стаяў флігель, што служыў як кухня, трапезная і кватэры для работнікаў. Да комплекса будынкаў належалі таксама вяндлярня, стайні, лядоўня, хлеў, млын-вятрак, бровар, дом для аканома, а таксама шпіталь (прытулак для старых і нямоглых), у якім жылі чатыры чалавекі.
Нядаўна ў зборах Нацыянальнага Музея ў Варшаве ўдалося выявіць алоўкавы малюнак манастыра, які стварыў археолаг і натураліст Адам Антоній Плятэр. Ён намаляваў святыню ў самым канцы яе існавання, бо 21 жніўня 1832 года царква і манастыр згарэлі і больш не аднаўляліся.
Існуе прыгожая легенда, што ў час пажару абраз не быў крануты агнём. Можна дапусціць таксама, што базыльяне паспелі вынесці яго з царквы, калі пажар пачынаўся. Аднак варта разглядаць і версію, што абраз вывезлі з царквы на возеры Неспіш раней. Магчыма, апошні браслаўскі архімандрыт Адрыян Галаўня, які займаў пасады грэка-каталіцкага суфрагана ў Вільні ў 1809-1828 гадах і дапаможнага біскупа аршанскага ў 1811-1831 гадах, забраў абраз з сабой. Урэшце абраз трапіў у касцёл у Браславе, дзе вернікі працягнулі яго шанаваць. У пачатку ХХ стагоддзя на ўрачыстасці Унебаўзяцця і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі збіралася па 10-15 тысяч чалавек. Калі ў 1999 годзе была створаная Віцебская дыяцэзія, касцёл у Браславе абвясцілі дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Валадаркі азёраў. 22 жніўня 2009 года арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер каранаваў абраз папскімі каронамі.
Нельга не заўважыць тэматычнага падабенства паміж гравюрай Ёзафа Эразмуса Белінга і атрыбутамі, якія сёння асацыююцца з ушанаваннем Маці Божай Браслаўскай. Белінг намаляваў абраз Багародзіцы пасярод “воднай” атрыбутыкі: возера, рыбы, Нептун, надпіс “обуреваемым пристанище”, а вулічны алтар ля касцёла ў Браславе, на якім штогод у жніўні адбываюцца ўрачыстыя набажэнствы, збудаваны ў выглядзе карабля.
Кастусь Шыталь, Дзяніс Лісейчыкаў
Аўтары дзякуюць Уладзіміру Каралёнку за дапамогу ў пошуку малюнка манастыра.