Пахвалёны Езус Хрыстус! Шчыра вітаю ўсіх мамаў у гэтыя святочныя дні. Сёння мы паразмаўляем пра цішыню.
У сучасным свеце так шмат гукаў: музыка і аўдыёкнігі, падкасты і фільмы, відэа ў сацсетках і размовы з іншымі людзьмі. Мы так прызвычаіліся да пастаянных гукаў, што цішыня здаецца зусім непатрэбнай з’явай. Таму сёння паспрабуем разабрацца, навошта маме цішыня.
Справы колькасці і якасці
Колькі цішыні патрэбна маме? У псіхолагаў і даследчыкаў няма канкрэтнай лічбы, але ёсць некалькі “ўзроўняў” неабходнай цішыні.
“Базавы мінімум” (15–20 хвілін): кароткія перапынкі, якія дапамагаюць знізіць узровень гармону стрэсу – картызолу. Гэтага часу дастаткова, каб мозг перастаў працаваць у рэжыме “сігналу трывогі”. Для цішыні першага базавага ўзроўню можна выкарыстоўваць хвіліны, калі дзіця спіць або гуляе на дварэ.
Залаты стандарт (1 гадзіна): час, за які мама можа не проста адпачыць ад шуму, але і пераключыцца на любімую справу (чытанне, хобі). Такая доза цішыні істотна зніжае рызыку эмацыйнага выгарання.
Ідэальны варыянт (2 гадзіны і больш): магчымасць пабыць у цішыні некалькі гадзін запар (напрыклад, раз на тыдзень). Такі працяглы час цішыні і супакою дазваляе цалкам перазагрузіць нервовую сістэму і вярнуць пачуццё ўласнай асобы. А чаму гэтыя хвіліны не проста карысныя, але нават неабходныя?
Псіхалагічная перазагрузка
Цішыня для мамы – гэта жыццёва важаная прастора для аднаўлення сілы. Мама кожны дзень сутыкаецца з мноствам задач, прымае мноства рашэнняў, трымае пад кантролем мноства сітуацый. І таму важна знаходзіць хвіліны цішыні, каб супакоіць нервовую сістэму.
Аднаўленне рэсурсаў
Уявім сабе, а можа, успомнім, з якімі гукамі штодня сустракаецца мама. Яна чуе мільён пытанняў і просьбаў ад дзяцей, плач, крыкі, мультфільмы, песенькі, казкі. Гэта вельмі вялікая нагрузка на мозг і ўвесь арганізм увогуле. У цішыні мозг адпачывае, а мама набіраецца сіл і рэсурсаў, каб заставацца цярплівай і спакойнай.
Час сустрэчы з сабой
Увесь дзень мама клапоціцца пра іншых. Яна дакладна ведае, якія заняткі падабаюцца дзецям, якой страве больш за ўсё парадуецца муж падчас вячэры, што хвалюе сёння сына ці дачку. А як часта мама ўспамінае пра свае патрэбы? Ці адчувае яна свае жаданні? Ці не развучылася яна марыць? Хвіліны цішыні дазваляюць маме сустрэцца з сабой, каб быць шчаслівай, а значыць, дапамагчы стаць шчаслівымі кожнаму сямейніку.
Час сустрэчы з Богам
Кожнага чалавека на сустрэчу чакае Бог – яго Творца і яго Айцец. І для гэтай сустрэчы проста неабходная цішыня. Толькі ў цішыні чалавек чуе, што кажа Бог. Хвіліны цішыні на малітве ніколі не стануць змарнаваным часам, бо маміна малітва – каштоўны дар.
Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!