Малітоўны куточак – месца сустрэчы з Богам

“Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, памаліся Айцу твайму”. Гэтыя словы Езуса Хрыста не проста парада, а запрашэнне да асабістай сустрэчы з Богам. Гаворка ідзе пра ўнутраны спакой, аднак вонкавае заўсёды дапамагае ўнутранаму. Таму кожны вернік пакліканы стварыць у сваім доме малітоўны куток – месца, дзе лягчэй “зачыніць” дзверы для штодзённай мітусні.

Што павінна быць у малітоўным кутку?

 Зразумела, што галоўным з’яўляецца не колькасць, а якасць прадметаў.

  • Крыж ёсць цэнтр усяго. Ён нагадвае пра любоў Хрыста і выступае галоўным сімвалам нашай веры.
  • Абраз Пана Езуса або Маці Божай дапамагаюць скіраваць думкі да Асобы, сканцэнтравацца.
  • Біблія – найлепш адкрытая на пэўным псальме або фрагменце Евангелля.
  • Свечка – сімвал таго, што Хрыстос – Святло свету. Яе полымя дапамагае сабрацца з думкамі і адрозніць малітоўны час ад будзённых клопатаў.
  • Святая вада – невялікая пасудзіна з ёй нагадвае пра ўласны Хрост і ачышчэнне.
  • Каляндар – каб ведаць пра ўспаміны і ўрачыстасці і маліцца разам з Касцёлам.

Дзе павінен знаходзіцца малітоўны куток?

 Можа быць некалькі варыянтаў размяшчэння кутка. Адзін з іх – ціхае месца ў спальні, дзе менш ходзяць іншыя людзі. Выбіраць варта месца ля акон, каб натуральнае святло дапамагала настроіцца на малітву. Размяшчаць рэчы можна на палічках або камодах. Варта пазбягаць размяшчэння кутка ў праходах, каля тэлевізара. Месца павінна заахвочваць да малітвы, а не адцягваць ад яе.

Як варта падрыхтавацца да малітвы?

 Калі малітоўны куток ужо створаны, неабходная адпаведная ўнутраная падрыхтоўка.

Першая справа – цела і прастора

Трэба выключыць тэлевізар, радыё, адкласці тэлефон, прыбраць лішнія рэчы, якія могуць адцягваць увагу. Варта таксама праветраць пакой. Свежае паветра дапаможа сабрацца з думкамі. Пасля варта запаліць свечку.

Унутраны настрой

Важнай з’яўляецца таксама і ўнутраная падрыхтоўка. Варта ўкленчыць, зрабіць знак крыжа. Перад тым, як пачаць маліцца, варта пабыць некалькі хвілін у поўнай цішыні. Неабходна ўсвядоміць, што вы цяпер не проста ў пакоі, а ў прысутнасці Бога.

Адкрыць сэрца

Можна пачаць з кароткай малітвы да Духа Святога, а пасля варта падзякаваць за атрыманыя на працягу дня ласкі, папрасіць прабачэння за раздражненне, за апатыю і іншыя адмоўныя моманты, якія мелі месца. Галоўнае – не трэба чакаць асаблівых пачуццяў. Калі складана знайсці словы, можна проста пабыць перад крыжам. Час, праведзены ў малітоўным кутку, ужо ёсць плёнам.

Марта Венславовіч

для друку для друку