Мы працягваем вывучаць тэму крызісаў і шукаць спосабы, якія дапамогуць бацькам і дзецям спраўляцца з імі. Сёння абмяркуем, што рабіць, калі ваш сын ці дачка перажывае крызіс аднаго года.
Крызіс першага года жыцця – лагічны пераходны перыяд у развіцці дзіцяці. Ён адбываецца ва ўзросце 9–15 месяцаў і абумоўлены набыццём новых навыкаў: малое можа ўжо хадзіць і размаўляць.
Для дзіцяці адкрываецца новая прастора, якую яно імкнецца даследаваць. Разам з тым з’яўляюцца першыя забароны ад бацькоў: напрыклад, нельга дакранацца да гарачых прадметаў, уключаць пліту ці далёка адыходзіць ад мамы. Таксама адбываецца далейшае псіхалагічнае развіццё: дзіця пачынае ўсведамляць сябе самастойнай асобай, якая не залежыць ад бацькоў.
У сукупнасці гэтыя змены прыводзяць да непрыемных “наступстваў”: капрызаў, патрабавальнасці, крыўдлівасці. З’яўляецца супярэчлівасць у жаданнях: дзіця можа адкідваць рэч, якую толькі што папрасіла, спачатку ўцякаць ад мамы, а праз хвіліну туліцца да яе і не адпускаць ні на хвіліну.
Разгледзім пяць парадаў для бацькоў “гадавасікаў”.
- Цярпенне і спакой
Падчас дзіцячых крызісаў і істэрык спакойныя мама і тата – адзіная апора і гарантыя бяспекі для дзіцяці. Яго нервовая сістэма не можа справіцца самастойна з новымі эмоцыямі, а калі дарослыя побач трацяць самакантроль, сітуацыя толькі пагаршаецца. Можна карыстацца простымі тэхнікамі:
— рабіць паўзу для сябе: перад тым як сарвацца на крык, зрабіце глыбокі ўдых і выдых, палічыце ад 1 да 10 і ў адваротным парадку;
— сказаць у думках: “Маё дзіця так сябе паводзіць не таму, што яно дрэннае, злое ці хоча сапсаваць мне настрой, а таму, што яму цяпер цяжка і яно не можа справіцца”.
- Стварыце “ілюзію выбару”
Гэта адзін з самых эфектыўных інструментаў у дзіцячай псіхалогіі. Вы прапануеце некалькі варыянтаў на выбар, але любы з іх цалкам задавальняе бацькоўскія мэты. Напрыклад: не “ідзём дадому”, а “ты хочаш даехаць да пад’езда ў вазку ці пойдзем пешшу?” Не “кладзіся спаць”, а “якую піжамку ты выбіраеш: зялёную ці сінюю?”
- Пераключайце ўвагу
Калі дзіця толькі пачынае хвалявацца, але яшчэ не траціць кантакту з мамай і татам, яго ўвага вельмі няўстойлівая. У гэты момант варта раптам звярнуць увагу на цікавыя гукі, прыгожую птушку, кацяня ці незвычайны аўтамабіль. Мозг імгненна пераключаецца на новы аб’ект, а старая крыўда часта проста забываецца.
- Спакойная зона
Гэта асобны пакой або зона ў кватэры, дзе дзіцяці нічога не забараняецца. Там няма дакументаў, тэхнікі, якую можна сапсаваць, каштоўных і небяспечных рэчаў. У гэтай лакацыі няма слова “нельга”, і дзіця можа рабіць, што захоча. Напрыклад, раскідваць цацкі, даставаць рэчы з паліц, гуляць з усім, што яму цікава і г.д.
- Дэлегуйце абавязкі і адпачывайце
Адпачынак і хвіліны цішыні – базавая неабходнасць для бацькоў. Не трэба чакаць, пакуль мама, якая шмат часу праводзіць з дзіцем, канчаткова страціць фізічныя і маральныя сілы.
Варта старацца арганізаваць абавязкі такім чынам, каб мама штодня магла правесці хаця б адну гадзіну ў цішыні і спакоі.
Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!