Маленькая падрыхтоўка да Вялікага посту

Час хутка ляціць: здаецца, яшчэ ўчора распачаўся Адвэнт, а ўжо наўкол папрыбіралі батлейкі, скончылі спяваць калядкі, асвяцілі хлеб святой Агаты, перажываем звычайны перыяд і зусім хутка – Вялікі пост.

Час у мамы пралятае яшчэ хутчэй, незалежна нават ад колькасці і ўзросту дзяцей: садочак і школа, урокі, заняткі, хваробы, праца, дамашнія абавязкі… Нельга забывацца пра мужа ды сяброў. Як зрабіць, каб Вялікі пост раптам не прайшоў міма? Трэба загадзя да яго падрыхтавацца.

  1. Што, дзе, калі?

Ужо не першы раз парадай для пачатку справы з’яўляецца сямейны савет. На ім бацькам варта абмеркаваць, якія набажэнствы, малітвы, сустрэчы, рэкалекцыі адбудуцца ў вашай парафіі? У якія дні, а каторай гадзіне?

Таксама неабходна будзе вырашыць, куды вы хочаце і зможаце пайсці, гледзячы на аб’ектыўныя абставіны ў вашай сям’і? Якім чынам удзельнічаць, напрыклад, у рэкалекцыях: усёй сям’ёй ці паасобку?

Памятайце: чым больш пытанняў вы абмяркуеце і вырашыце, тым больш супакою будзе ў вашым Вялікім посце.

  1. Хто і якім чынам дапаможа маме перажыць Вялікі пост?

Гэтае пытанне асабліва актуальнае для мам з маленькімі дзецьмі. Маю на ўвазе, тых, каторых нельга пакінуць дома адных, каб пайсці ў касцёл на набажэнствы, споведзь, рэкалекцыі і г.д.

Важна абмеркаваць і вырашыць, хто прыйдзе на дапамогу маме: хто застанецца з дзецьмі або возьме на сябе частку хатніх абавязкаў, падрыхтоўку ўрокаў і іншыя справы, каб яна мела час на падрыхтоўку сваёй душы.

Толькі мама ведае, што патрэбна ёй для падрыхтоўкі душы, чаго асабліва не хапае. Важна падзяліцца гэтымі думкамі і шукаць дапамогі.

У ідэале першы, хто дапаможа, – ваш муж. Але калі па нейкіх прычынах гэта немагчыма, то шукайце іншыя варыянты – сярод сваякоў і сяброў. Варыянты абавязкова знойдуцца. 

  1. Сямейныя пастановы – шлях да паядання

На пачатку Вялікага посту збярыцеся разам, напрыклад, перад вячэрняй малітвай, і абмяркуйце, якія пастановы будзе браць для сябе кожны з чальцоў сям’і. Гэта можа быць добрай сямейнай катэхезай: бацькі патлумачаць сваім дзецям, што такое “пастановы”, навошта мы іх бяром, чаму будзем іх трымацца.

Няхай пастаноў не будзе шмат, можна выбраць нават адну для ўсіх: напрыклад, разам чытаць Божае Слова, хадзіць на крыжовы шлях або разам адмовіцца ад сацыяльных сетах, смачных страў і г.д.

Важна памятаць: вы – дна сям’я, таму падтрымлівайце адно аднаго, асабліва ў часы выпрабаванняў і цяжкасцяў.

  1. Візуалізацыя

Вось і адбыўся сямейны савет, абмеркаваныя пастановы і дэталі перажывання Вялікага посту. Наступны крок – запішыце ваш план. Як гэта будзе выглядаць – справа індывідуальная. Добры варыянт – проста зрабіць паметкі ў нататніку ці календары з датамі і часам рэкалекцый і набажэнстваў.

Можна ў выглядзе сэрцаў запісаць пастановы і павесіць іх у месцы малітвы, а можна намаляваць плакат “Шлях да Уваскрашэння”. Якім ён будзе, залежыць толькі ад вашай фантазіі.

  1. Падвядзенне вынікаў

Цудоўным момантам пасля Вялікага посту стане супольнае падвядзенне вынікаў і падзяка Пану Богу за пражыты час. Каб было прасцей, старайцеся хаця б раз на тыдзень запісаць, што атрымалася, у чым удалося стаць хоць крыху лепшымі, якія добрыя ўчынкі былі зробленыя, як вы наблізіліся да Езуса.

Наіўна было б меркаваць, што ўсё атрымаецца на 100% ідэальна. Вы абавязкова сустрэнецеся са спакусамі і цяжкасцямі. Але прыгажосць супольнага перажывання Вялікага посту заключаецца ў набліжэнні да Хрыстовых пакутаў, а праз гэта – да Уваскрашэння. Будзьце падтрымкай адно для аднаго і не спыняйцеся!

Падчас падвядзення вынікаў перш-наперш абмяркуйце маленькія і вялікія “перамогі” кожнага чальца сям’і, прааналізуйце не толькі цяжкасці, але і тое, як атрымалася імі справіцца.

Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей

для друку для друку