Браслаўскі кляштар сясцёр эўхарыстак гасцінна адчыніў свае дзверы для інвалідаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі.
Сустрэча распачалася святой Імшой у інтэнцыі ўсіх людзей з асаблівасцямі Браслаўскага раёна, а таксама супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Традыцыйна а 12-й гадзіне Каталіцкі Касцёл моліцца «Анёл Панскі». Госці таксама не сталі выключэннем і ахвяравалі малітву за ўсіх блізкіх памерлых.
Потым адбылася канферэнцыя з абмеркаваннем прагледжанага кароткаметражнага фільма «Цырк батэрфляй». Удзельнікі шчыра дзяліліся ўражаннямі, захаваўшы самую галоўную думку: трэба бачыць прыгожае, верыць у сябе і ніколі не здавацца. Абмежаваныя магчымасці — гэта толькі штуршок у будучыню, а якой яна будзе — залежыць ад кожнага асабіста.
Пасля такой глыбокай канферэнцыі адбылася ўсім вядомая і любімая гульня «Поле цудаў», у якой кожны ўдзельнік змог раскрыць розныя якасці характару, а сяброўская атмасфера дапамагла аб’яднацца.
На заканчэнне сустрэчы гасцей чакаў смачны абед.
Наведвальнікі аддзялення шчыра дзякуюць ксяндзу пробашчу Станіславу, сёстрам эўхарысткам за прысвечаны час, сумесную малітву і клопат.