Кветкавыя дываны ўпрыгожылі ўрачыстаць Божага Цела ў Смаргоні (+відэа)

8 чэрвеня, пасля нядзелі Найсвяцейшай Тройцы, у Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая традыцыйна называецца Божым Целам. У гэты дзень адбываюцца працэсіі, падчас якіх святар выносіць найсвяцейшую Эўхарыстыю з касцёла, што суправаджаецца ўрачыстымі абрадамі і спевамі, хрысціяне даюць публічнае сведчанне сваёй веры і пабожнасці ў адносінах да Найсвяцейшага Сакраманту.

8 чэрвеня вернікі парафіі св. Міхала Арханёла ў г. Смаргонь, адзначылі ўрачыстасць Божага Цела традыцыйнай тэафарычнай працэсіяй па вуліцах горада.

Навізной для Смаргоні сталіся кветкавя дываны, якія вернікі старанна кампанавалі ля традыцыйных чатырох эўхарыстычных алтароў. Старэйшыя жыхары сведчаць, што калісці ў парафіях рабілі падобныя ўпрыгожванні, але пазней рэлігійны пераслед, перарванне традыцый і звычайнае людзкое спрошчванне ўсяго, паспрыяла, што гэтая традыцыя ў парафіях паступова знікла.

За кампазіцыі смаргонскіх кветкавых дываноў і ўпрыгожванне алтароў былі адказныя парафіяльныя колы: Легіён Марыі, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, Жывы Ружанец, асацыяцыя ўшанавальнікаў Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA).

Падчас стацый пры эўхарыстычных алтарах святары-салезіяне: кс. Казімір Мурава SDB, кс. Здзіслаў Вэдэр SDB і кс. Артур Ляшнеўскі SDB, абвяшчалі вернікам эўхарыстычныя казанні, якія наблізілі сабраным важнасць пакланення і прыняцця Божага Цела.

Пасля благаслаўлення, салезіяне падзякавалі сабраным за працу, супольную анімацыю працэсіі і малітву.

для друку для друку