«Калі ласка, дайце мне кураня ў кісла-салодкім соусе, спрынг-рол і пельмені». Гэта быў звычайны заказ былога кардынала Роберта Прэвоста, калі ён наведваў адзін з мясцовых кітайскіх рэстаранаў, якія размяшчаліся на рымскіх вуліцах недалёка ад сцен Ватыкана.
У 2024 годзе, напярэдадні свайго абрання пераемнікам Святога Пятра, чыкагскі кардынал і цяперашні Папа Леў XIV часта наведваў рэстаран Kungfu Express. Уладальнік рэстарана, Лінь Нін Тан, успамінае, што ён вельмі добра ўмеў карыстацца палачкамі для ежы.
Знаёмы твар на балконе базілікі Святога Пятра
У кардынала Роберта Прэвоста было два любімых месцы ў рэстаране Kungfu Express у Рыме — сёння яны пазначаны адмысловымі таблічкамі. Будучы Папа быў не адзіным кліентам Ватыкана, які аддаваў перавагу кітайскаму рэстарану як месцу, дзе можна паспрабаваць азіяцкую кухню. Спадар Тан, які адкрыў рэстаран пяць гадоў таму, кажа, што нярэдка бачыць святароў, біскупаў, кардыналаў і сясцёр законных. «Шмат кардыналаў жывуць паблізу, таму яны часам елі тут або заказвалі ежу на вынас. Гэта рэстаран хуткага харчавання, таму гэта вельмі зручна», — сказаў ён «National Catholic Reporter».
«Нас наведвае таксама шмат сакратароў з суседніх офісаў, з Азіі, Ціхаакіянскіх астравоў і Паўднёвай Амерыкі; і з таго, што яны казалі, ніхто не чакаў, што кардынал Прэвост будзе абраны», — успамінае Тан, які кожны дзень назіраў за канклавам у прамым эфіры. Ён памятае момант здзіўлення, калі ўбачыў знаёмы твар на балконе базілікі Святога Пятра. «Гэта кардынал Прэвост!» — усклікнуў ён. «Я адразу пазнаў твар і імя. Я не чакаў, што ён стане наступным Папам. Гэта сапраўднае блаславенне».
Заўсёды ўсміхаўся і быў вельмі ветлівым
Успамінаючы сваё ўзаемадзеянне з новым Папам, Тан сказаў, што «кардынал Прэвост заўсёды ўсміхаўся» і быў вельмі ветлівым, вітаўся з усімі ў рэстаране і хваліў ежу. Нягледзячы на тое, што Святы Айцец не можа сёння наведаць рэстаран, каб пакаштаваць сваю любімую страву, Тан запэўнівае персанал, што Папа памятае іх з моманту свайго абрання.
8 снежня 2025 года, у свята Беззаганнага Зачацця, персанал гэтага рэстарана ўбачыў Папу, калі той праязджаў міма з плошчы Іспаніі. Папа Леў XIV прывітаў Тана і ўвесь персанал Kungfu Express вялікім узмахам рукі. Нядаўна швейцарскі гвардзеец, пастаянны наведвальнік Kungfu Express, наведаў рэстаран са спецыяльным пасланнем з Ватыкана: «Ён сказаў, што Папа перадаў прывітанне», — успамінае Тан. Акрамя асабістай сувязі з Папам, ён таксама падкрэслівае сваю сувязь з Каталіцкім Касцёлам: першы кітайскі каталіцкі біскуп паходзіў з яго роднай правінцыі Фуцзянь, і першы афіцыйна прызнаны каталіцкі мучанік быў абезгалоўлены ў гэтай жа правінцыі.
Падзяка Касцёлу за распаўсюджванне любові ў Кітаі
Для Тана гэтыя сувязі з’яўляюцца важным знакам. «Я дзякую хрысціянству за распаўсюджванне любові падчас місіянерскай працы ў Кітаі. Каталіцызм прынёс у Кітай не толькі Бога, але і веды, мастацтва, матэматыку і фізіку; і гэта быў узаемны абмен». У юбілейны год Тан павесіў у Kungfu Express партрэты вядомых кітайскіх католікаў.
Сёння, хоць рэстаран знаходзіцца менш чым у 200 метрах ад сцен Ватыкана, кантакты паміж Папам і ўладальнікам рэстарана абмежаваныя. «Я спадзяюся, што Папа моліцца за кітайскі народ. Яму вельмі цяжка, але я спадзяюся, што аднойчы ён зноў прыйдзе і паесць з намі».
Гасціннасць Тана, яго сына Кевіна і атмасфера ўсяго рэстарана Kungfu Express падсумоўваюцца цытатай з Бібліі, якая вісіць на адной са сцен: «Не будзем забываць пра гасціннасць, бо ёю некаторыя, не ведаючы, прынялі анёлаў». «Гэта наш дэвіз — мы павінны ставіцца да нашых гасцей з любоўю», — кажа Тан. «Не ведаючы, мы віталі анёлаў, такіх як Папа Леў XIV».
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
