15 верасня, на наступны дзень пасля свята Узвышэння Святога Крыжа, у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) адбылося набажэнства Крыжовага шляху.
Санктуарый наведалі ў гэты дзень шматлікія парафіяне і госці.
Вернікі ўзялі ўдзел у святой Імшы, а затым у самім набажэнстве Крыжовага шляху на мясцовай Кальварыі, у межах якога разважалі над таямніцамі мукі і смерці Езуса Хрыста.
Кальварыя ў Гудагаі – самая вялікая ў Беларусі, яе працягласць складае каля трох з паловай кіламетраў. Яна пачынаецца каля касцёла, ідзе праз поле і лес і заканчваецца на парафіяльных могілках.