Крыж у Сароках

Крыж у ваколіцах Докшыц, малюнак Караля Біскэ, каля 1918 года.

Аднойчы на польскім інтэрнэт-аўкцыёне Allegro я заўважыў вокладку часопіса “Tygodnik Ilustrowany” за 1934 год. На вокладцы быў фотаздымак драўлянага крыжа з фігурай распятага Хрыста. Крыж, як бачна, пакрыты чатырохскатнай стрэшкай, якая амаль рассыпалася ад старасці. Фота падпісанае так: “Прыдарожны крыж у Дзісненскім павеце”. Больш ніякай інфармацыі. Ці можна разгадаць, у якім месцы стаяў гэты крыж? Як аказалася, можна. На фотаздымак трапіў вугал мураванай капліцы, які падаўся мне дужа знаёмым. Ці не капліца на могілках у Сароках гэта, міма якой я дзясяткі разоў праязджаў дарогай Глыбокае – Докшыцы?

На сайце Музея Варміі і Мазур у польскім Ольштыне ёсць раздзел са здымкамі з сямейных архіваў перасяленцаў з Заходняй Беларусі. Там сярод здымкаў з архіва Міраславы Александровіч знайшлося фота могілак у Сароках, якое зробленае з глыбіні, з сярэдзіны. Калі я прыгледзеўся да гэтага фота, то ўбачыў: драўляны крыж з рэшткамі чатырохскатнай стрэшкі сапраўды стаяў каля капліцы.

Крыж у Сароках. Фота Б. Жыўно, 30-я гады ХХ ст.

Чым гэты крыж цікавы? Гэта адзін са шматлікіх прыкладаў народнага рэлігійнага мастацтва. Магнаты будавалі і ўпрыгожвалі касцёлы, наймаючы прафесійных майстроў нямецкага і італьянскага паходжання. А дробная шляхта і сяляне ў сваім жаданні ўшанаваць Бога ставілі каля сваіх вёсак і засценкаў, на вясковых могілках крыжы і каплічкі. Былі майстры, якія ўпрыгожвалі гэтыя крыжы і каплічкі скульптурамі і разьбой.

Чатырохскатная стрэшка на крыжы мела за мэту засланяць ад дажджу і снегу фігуру распятага Хрыста. Сёння такі крыж можа выклікаць здзіўленне праз сваю нетыповасць, нетрадыцыйнасць. Але даўней такія крыжы былі якраз тыповыя для нашага рэгіёна. У кнізе бернардына Элеўтэрыя Зеляевіча “Звярынец нябесны на зямлі”, выдадзенай у 1650 годзе, ёсць гравюра, якая ў спрошчанай форме прадстаўляе Будслаў і яго ваколіцы. Калі прыгледзецца да дэталяў гравюры, то можна ўбачыць тры такія крыжы. Гэта сведчыць, што яны былі распаўсюджанымі ў нашым рэгіёне. Да сённяшняга дня можна ўбачыць падобныя крыжы каля вёсак Завараты і Сакавічы Глыбоцкага раёна, у вёсцы Віржы Докшыцкага раёна. У Заваратах на крыжы змешчаная цэлая мастацкая кампазіцыя: каля фігуры распятага Хрыста кленчаць Панна Марыя і Апостал Ян, а побач знаходзяцца фігуркі галубоў і анёлаў. У Віржах на крыжы змешчаныя выявы прыладаў, якія звязаныя з укрыжаваннем Хрыста: малаток і драбіна.

Фігуркі на крыжы ў Заваратах, Глыбоцкі раён. Фота аўтара.

Ёсць такія крыжы ў некалькіх мясцовасцях Мядзельскага і Вілейскага раёнаў. Калісьці крыж з падобнай стрэшкай стаяў у вёсцы Вешняе Докшыцкага раёна. Агулам можна сказаць, што такая форма крыжоў была найбольш распаўсюджаная на ўсход ад Вільні – на адлегласць да 200 кіламетраў ад колішняй нашай палітычнай і рэлігійнай сталіцы.

У Літве вясковыя драўляныя крыжы прызнаныя часткай нацыянальнай спадчыны, іх вывучаюць, ахоўваюць, яны ўнесеныя ў спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. У Польшчы, асабліва ў яе ўсходняй частцы, на Падляшшы, прыдарожныя крыжы і каплічкі таксама сталі аб’ектам вывучэння і аховы. Мы, беларусы, пакуль што не ўсведамляем каштоўнасць гэтай спадчыны. А чаму гэта важна ўсведамляць? Кожны народ выяўляе сваё імкненне да дабра, да прыгажосці і да Бога ў непаўторнай форме. Мастацкая выява сведчыць пра адметнасць нашай культуры, а паказаная ў ёй праўда пра ахвяру Хрыста, Які памёр на крыжы, узяўшы на сябе нашыя грахі, яднае нас з іншымі хрысціянскімі народамі. Рэлігійнае мастацтва выразна паказвае, у Каго верылі і на Каго спадзяваліся нашыя продкі, і якімі ёсць карані нашага народа.

Кастусь Шыталь

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі