Копіі абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў прывіталі ў Гудагаі

16 ліпеня, калі ў Каталіцкім Касцёле адзначаўся ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, у санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) прыбылі копіі славутых ласкамі абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў.

Восем копій абразоў з Будслава, Браслава, Брэста, Бялынічаў, Гродна, Гудагая, Лагішына і Тракеляў будуць прысутнічаць падчас сёлетніх адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Шкаплернай.

У чэрвені адбылася аўтамабільная пілігрымка з гэтымі абразамі ўздоўж межаў Беларусі, якая пераадолела больш за 2500 км. Яна была арганізавана па ініцыятыве пробашча мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены кс. каноніка Уладзіслава Завальнюка.

Падчас пілігрымкі ўдзельнікі здзяйснялі пост і малітву за нашу краіну, за з’яднанне беларускага народа, хутчэйшае аднаўленне санктуарыя ў Будславе пасля пажару, за ўсіх жыхароў краіны і ўмацаванне ў веры для ўсіх грамадзян.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by
Ірэна Ахрамовіч, фота

для друку для друку