“Каталіцкі Веснік” перамог у конкурсе перыядычнага друку “З беларускім словам”

7kiTQ0M7cGoВіцебская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны падвяла вынікі агляду-конкурсу мясцовага перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы “З беларускім словам”. “Каталіцкі Веснік” стаў пераможцам у намінацыі “Недзяржаўныя выданні”.

Мэтай агляду-конкурсу было заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет, папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі; інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці. Агляд-конкурс праводзіцца абласной арганізацыяй ТБМ на Віцебшчыне рэгулярна і традыцыйна па трох катэгорыях: абласныя, гарадскія газеты, раённыя газеты, недзяржаўныя выданні.

Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу ўлічвалася выкарыстанне беларускай мовы ў ходзе падрыхтоўкі матэрыялаў супрацоўнікамі рэдакцый, наяўнасць беларускамоўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, выступленні афіцыйных асоб на старонках газет па-беларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, рэкламы і аб’яў.

У склад журы агляду-конкурсу ўваходзілі выкладчыкі ВНУ, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, прафесійныя журналісты – сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, кіраўнікі абласной арганізацыі ТБМ.

Была прароблена вялікая праца па вывучэнні і аналізе мовы друкаваных выданняў Віцебшчыны за перыяд з 1-га ліпеня па 31-га снежня 2014 г. Тут нялішнім будзе прыгадаць, што абласная арганізацыя ўжо праводзіла аналагічныя агляды-конкурсы ў 2009 і 2010 гг. Таму несумненную цікавасць уяўляла пытанне: што змянілася ў плане выкарыстання беларускай мовы ў рэгіянальных медыях за апошнія пяць гадоў? Ці паболела беларускага слова на старонках мясцовых выданняў і наколькі якасна наша мова выкарыстоўваецца ў друку.

У намінацыі – “Недзяржаўныя выданні” – пераможцамі сталі дзве газеты: “Вольнае Глыбокае” (галоўны рэдактар – Уладзімір Скрабатун) і “Каталіцкі Веснік” (галоўны рэдактар – кс. Віктар Місевіч).

“Прыемна, што газета “Каталіцкі Веснік” выходзіць на добрай беларускай літаратурнай мове, мае нават адмысловую старонку, дзе разглядаюцца пытанні культуры мовы”, — адзначае старшыня журы Юрась Бабіч.

Журы шчыра павіншавала пераможцаў і пажадала надалей трымацца беларускага слова.

Па матэрыялах газеты “Наша Слова”

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі