“Каталіцкаму Весніку” — 10 гадоў. Як усё пачыналася?

1. Ідэя выдаваць газету ў Віцебскай дыяцэзіі ўзнікла ў ксяндза Віктара Місевіча. Як кажа Зміцер Лупач, ён у сваю чаргу часта задумваўся: чаму ў Віцебскай дыяцэзіі, якая ў 2009 годзе адзначыла дзесяцігоддзе, няма свайго друкаванага выдання? І калі на пачатку 2011 года ксёндз Віктар звярнуўся да яго з прапановай працы ў новай газеце, то з радасцю пагадзіўся.

2. Але напачатку трэба было ўсю гэтую ідэю аформіць юрыдычна. Дзякуючы курыяльнаму юрысту спадарыні Валянціне Адамцовай, якой у 2011 годзе давялося перарваць сваё лячэнне ў санаторыі, цягам аднаго сакавіцкага дня ўсе неабходныя дакументы былі падрыхтаваныя і накіраваныя ў Міністэрства інфармацыі. Супрацоўнікі міністэрства замест месяца, прадугледжанага паводле закону для гэтай працэдуры, прынялі рашэнне на працягу двух тыдняў, і першы нумар “Каталіцкага Весніка” паспеў выйсці да Велікодных святаў.

3. 5 красавіка 2011 года наша газета атрымала дзяржаўнае пасведчанне аб рэгістрацыі, а першы нумар быў падпісаны ў друк 14 красавіка 2011 года.

4. Лагатып газеты стварыў Цімур Берніковіч, тады навучэнец глыбоцкай гімназіі, а цяпер вядомы айцішнік. Вынікам яго працы, зробленай яшчэ школьнікам, мы карыстаемся да гэтага часу.

5. У першым нумары “Каталіцкага Весніка” ў 2011 годзе на першай паласе былі спачуванні біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна з нагоды страшнай трагедыі – тэракту ў мінскім метро. Так ужо атрымалася, што першы нумар быў азмрочаны такой сумнай навіной. Але калі пагартаць падшыўку Весніка за мінулыя 10 гадоў, то рэдка ў якім выпуску не знойдзецца матэрыял пра нейкую людскую бяду ці трагедыю.

Цярпенне спадарожнічае нам, часам не па нашай віне і заўсёды супраць нашага жадання. Што мы можам зрабіць як вернікі, як хрысціяне? Мы насамрэч можам многае! Мы можам пастарацца Божае слова, Добрую Вестку зрабіць рэальнай і дзейснай у сваім жыцці!

6. 3 снежня 2012 года распачаў працу сайт нашай газеты Catholicnews.by. Папяровыя версіі газет, хочам мы таго ці не, паступова сыходзяць у гісторыю, а выданні масава пераходзяць у Інтэрнэт. У 2014 годзе, на жаль, зламыснікам удалося моцна яго пашкодзіць. Усе захады, якія рабіла рэдакцыя з мэтай захаваць сайт, не далі чаканага плёну. На рэдкалегіі было прынята рашэнне перастварыць сайт нанова. Распрацоўкай заняўся Мікіта Бобрык з Бягомля. 6 снежня 2014 года карыстальнікі ўбачылі абноўлены партал Catholicnews.by. Ён змяніўся знешне. Дадаліся новыя рубрыкі. Інтэрфейс сайта распрацаваны такім чынам, што навіны можна зручна праглядаць праз мабільныя прылады. Сайт аўтаматычна падладжваецца пад памеры вашага смартфона ці планшэта.

7. У свой час нам вельмі сур’ёзна дапамаглі каталіцкія фонды Kirche in Not, Renovabis і Цэнтр дапамогі Касцёлу на Усходзе пры Каталіцкім Епіскапаце Польшчы, а таксама фонд пры епіскапаце Злучаных Штатаў Амерыкі, прафінансаваўшы набыццё дарагой, але сучаснай і прафесійнай журналісцкай апаратуры. Мы заўсёды памятаем і вельмі ўдзячныя нашым спонсарам за падтрымку і разуменне нашай сітуацыі.

8. Працай над кожным нумарам штомесяц і электроннай версіяй штодня займаюцца:

  • кс. Віктар Місевіч – галоўны рэдактар, нягледзячы на абавязкі ў курыі, знаходзіць час, каб таксама падзяліцца Божым словам праз перыядычны друк;
  • Зміцер Лупач – тэхнічны рэдактар;
  • Леанід Юрык – мастацкі рэдактар, фатограф і аператар,
  • Марына Сінкевіч – рэдактар сайта і фатограф,
  • Юрась Бабіч і Алена Пажога – нашы карэктары,
  • Вікторыя Колзун, Ірына Радзевіч (зараз у дэкрэтным адпачынку), якія працуюць на сайце, а таксама рыхтуюць для вас рубрыкі: “Правер свае веды” і “Літургічны каляндар”;
  • Вольга Будкіна, якая малюе дзіцячую старонку;
  • Марына Ткач, якая працуе на сайце і рыхтуе артыкулы па псіхалогіі;
  • і шмат іншых людзей, якія нам дапамагаюць, дасылаючы свае лісты на адрас рэдакцыі, тэлефануючы.

Дзейнасць рэдакцыі была б немагчымай, калі б не падтрымка Дабрачыннага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, на якое юрыдычна ўскладзены абавязкі выдаўца газеты. Заслугай дырэктара кс. каноніка Андрэя Аніскевіча з’яўляецца афіцыйнае працаўладкаванне супрацоўнікаў рэдакцыі.

9. Шчыра дзякуем біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу за разуменне, бласлаўленне і падтрымку “Каталіцкага Весніка”. Дзякуючы яго пастырскай мудрасці і апецы сёння кожны з вас, дарагія сябры, можа трымаць у руках папяровае выданне “Каталіцкі Веснік” і гартаць у сеціве старонкі партала Catholicnews.by.

10. Нам заўсёды прыемна чытаць і чуць Вашыя водгукі адносна нашай працы. Цікавасць працы ў каталіцкім выданні і заключаецца ў тым, што мы, не зважаючы на сваю чалавечую абмежаванасць, дакранаемся да нечага звышнатуральнага, Боскага.

Хочам выказаць удзячнасць нашым дарагім ахвярадаўцам, якія жывуць у розных кутках Беларусі. Гэта кожны ваш цяжка запрацаваны рублік дапамагае нам выдаваць “Каталіцкі Веснік” і ўтрымліваць сайт Catholicnews.by.

Вялікая ўдзячнасць усім чытачам газеты за падпіску і падтрымку малітвай, дасланымі лістамі, а таксама ахвяраваннямі. Разам мы зможам многае!

Ну а цяпер крыху фактаў:

  1. Першы нумар “Каталіцкага Весніка” знаходзіцца ў Ватыкане. Рэдактар кс. Віктар Місевіч асабіста перадаў яго для Папы Бэнэдыкта XVI падчас сустрэчы з арцыбіскупам Клаўдыё Марыя Чэлі, старшынёй Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Гэта адбылося 13 мая 2011 года.

    Фота Аляксандры Шчыглінскай

  2. Самы тыражны нумар газеты быў падпісаны ў друк 25 верасня 2020 года. Колькасць экзэмпляраў – 13 300 шт. Самы малаколькасны нумар – 2 300 экзэмпляраў – быў падпісаны ў друк 19 мая 2011 года.
  3. Праца ў рэдакцыі ў сувязі з дэдлайнам бывае і начной. Самы “начны” выпуск – гэта 27-ы нумар газеты ў 2013 годзе. Ён быў падпісаны ў друк ноччу а 2 гадзіне 48 хвілін.
  4. Юбілейны нумар на 5-годдзе быў 24-палосным выданнем і цалкам каляровым.
  5. “Каталіцкі Веснік” – гэта адзінае каталіцкае выданне, якое можна выпісаць праз Белпошту і не шукаць у касцёлах, а чакаць дома ў паштовай скрыні.
  6. За 10 гадоў працы колькасць супрацоўнікаў рэдакцыі вырасла. Над першым нумарам працавала 6 чалавек. На сённяшні дзень выпуск кожнага нумара “Каталіцкага Весніка” – гэта вынік працы 11 чалавек.
  7. Вырасла палоснасць газеты. Першы нумар вярстаўся як васьміпалоснае выданне напалову чорна-белае, напалову каляровае. Быў час, калі ўсе нумары Весніка выходзілі ў колеры палоснасцю 16 старонак, на сёння гэта 16 старонак – напалову чорна-белых, напалову каляровых.
  8. У Віцебскай дыяцэзіі найбольш чытаюць Веснік, паводле дадзеных Белпошты, у Глыбокім, Паставах, Браславе, Докшыцах і Мёрах. У Гродзенскай – у Астраўцы, Ашмянах, Лідзе і Смаргоні, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – у Маладзечне, Мядзелі, Вілейцы і Валожыне.
  9. За 10 гадоў “Каталіцкі Веснік” падаражэў напалову. У 2011 годзе падпісная цана была 750 руб. за адзін нумар. У першым паўгоддзі 2021 года падпісная цана – 1,22 руб за нумар газеты. Самы дарагі кошт Весніка быў у 2016 годзе – 8000 недэмінаваных рублёў за нумар. У 2011 годзе за 1 даляр можна было набыць 4 нумары газеты. Сёння – толькі 2 нумары.
  10. Самыя далёкія пункты, адкуль рабіліся рэпартажы, – гэта Партугалія, Італія, Украіна, Польшча, Латвія і Эстонія.
  11. Калектыў рэдакцыі “Каталіцкага Весніка” ўзнагароджаны Дыпломам за 1-е месца ў аглядзе-конкурсе па ўжыванні беларускай мовы сярод рэгіянальнага друку ў 2014 і 2019 гадах. Узнагарода прысуджана Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У 2019 годзе сайт Каталіцкага Весніка заняў першае месца па наведвальнасці сярод беларускамоўных сайтаў Віцебшчыны.
  12. За 10 гадоў рэдакцыя некалькі разоў змяняла месца знаходжання. Першы нумар газеты вярстаўся ў кватэры тэхнічнага рэдактара Змітра Лупача, затым быў толькі «стол» у адным з офісаў нашых сяброў, які дазволіў на працягу трох гадоў працаваць над выпускам газеты раз на месяц. 28 верасня 2014 года рэдакцыя размясцілася ў сваім памяшканні, дзякуючы дазволу папярэдняга глыбоцкага пробашча кс. Мечыслава Янчышына, які падтрымаў дыяцэзіяльную газету і вылучыў месца ў будынку старой плябаніі. 16 мая 2019г. было асвечана новае памяшканне рэдакцыі «Каталіцкага Весніка». Мы дзякуем цяперашняму пробашчу парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалаю Ціхановічу за размяшчэнне рэдакцыі ў парафіяльным доме імя кс. Юзафа Францкевіча, а таксама за супрацоўніцтва і падтрымку.
  13. 15 чэрвеня 2016 года біскуп Алег прызначыў кс. Віктара Місевіча канцлерам Віцебскай дыяцэзіі, а 12 лістапада 2019 года падчас урачыстасці святкавання 20-годдзя Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег абвясціў аб прызначэнні кс. Віктара Місевіча Грэміяльным Канонікам Віцебскага Катэдральнага капітула. Нягледзячы на тытул і вялікую працу ў курыі, кс. Віктар не пакідае сваё “дзіця” і надалей застаецца галоўным рэдактарам Весніка.
  14. У рэдакцыю за 10 гадоў працы даслана каля 4 тыс ахвяраванняў ад нашых чытачоў і 804 інтэнцыі ў газетную закрыстыю. Нас актыўна падтрымліваюць каля 300 ахвярадаўцаў.
  15. Створана 60 дзіцячых старонак, з 2015 года штогод рэдакцыя распрацоўвае гульню-самаклейку для дзяцей на перыяд Адвэнту.

Адзіная мэта, дзеля якой існуе медыяпраект “Каталіцкі Веснік”, – гэта абвяшчэнне Евангелля беларусам і не толькі. Мы вельмі горача жадаем, каб Добрая Вестка пра збаўленне чалавека ўвайшла ў кожны дом!

Рэдакцыя “Каталіцкага Весніка”

для друку для друку