Каталіцкае адраджэнне ў Францыі: пілігрымкі і хросты б’юць рэкорды

Катэдра ў Шартр

Ад 18 да 20 тысячаў католікаў узялі сёлета ўдзел у традыцыйнай каталіцкай пілігрымцы ў Францыі – ад Парыжа да Шартра. Гэта рэкордны паказнік, які да таго ж пабіў дасягненні, усталяваныя ўсяго год таму. І што важна, гэта не адзіны вынік каталіцкага адраджэння ў краіне.

Французскі Шартр быў мэтай пілігрымаў яшчэ з далёкіх часоў Сярэднявечча. У 876 годзе кароль франкаў Карл III ахвяраваў гораду адну з найважнейшых рэліквій Францыі: покрыва Дзевы Марыі. Покрыва пазбегла пажару 1194 года, які спустошыў шартрскую катэдру, але падчас Французскай рэвалюцыі, у 1793 годзе, яго разрэзалі на часткі, з якіх захаваліся толькі два фрагменты, што сёння дэманструюцца ў двух рэліквярыях.

Рэгулярныя пілігрымкі з Парыжа ў Шартр – ад адной катэдры Маці Божай да іншай – ладзяцца з 1983 года. Арганізуе іх свецкая арганізацыя «Маці Божая хрысціянскага свету». Шлях прыблізна ў 80 кіламетраў пілігрымы праходзяць за тры дні ў час Пяцідзясятніцы – сёлета гэта было з 18 па 20 траўня.

У пілігрымцы заўсёды ўдзельнічаюць тысячы вернікаў. Яе называюць адной з самых наведвальных падзеяў у Францыі і другой, пасля паломніцтва на Ясную Гару ў польскай Чанстахове, пілігрымкай у Еўропе.

І летась, у 2023 годзе, быў усталяваны рэкорд удзельнікаў – 16 тысячаў супраць 12-і ў 2022-м. Сёлета ж быў пабіты і ён. Паводле розных падлікаў, шлях ад французскай сталіцы да Шартра прайшлі ад 18 да 20 тысячаў католікаў з усяго свету, у тым ліку з-за акіяна. Агулам жа колькасць удзельнікаў сёлетніх святкаванняў магла дасягаць 30 000 асобаў. І сярэдні век пілігрымаў – 23 гады.

Пілігрымка штогод завяршаецца Папскай урачыстай святой Імшой у традыцыйным рымскім абрадзе ў катэдры Шартра. Сёлета яе цэлебраваў кардынал Герхард Мюлер, былы прэфект Дыкастэрыі дактрыны веры. Таксама святую Імшу ўпершыню транслявалі ў наўпроставым эфіры на французскім нацыянальным канале навін.

«Наша пілігрымка мае тры мэты: правільна і цэласна перадаваць спадчыну веры, выхоўваць усіх у сацыяльнай дактрыне Касцёла, каб заахвочваць да ўдзелу ў жыцці грамадства і евангелізаваць праз прыгажосць літургіі і патрабаванні веры тых, хто яшчэ ці ўжо не верыць», – распавяла National Catholic Register Адыль Тэкі, кіраўніца аддзелу камунікацыі арганізацыі «Маці Божая хрысціянскага свету».

Тэма кожнай пілігрымкі абіраецца за год да яе. Сёлетняя тэма – «Я хачу бачыць Бога» – была засяроджаная на апошніх рэчах – смерці, апошнім судзе, раі і пекле, «на тэме, пра якую часта забываюць або абмінаюць, бо лічаць занадта складанай ці сумнай», хоць гэта «з’яўляецца краевугольным каменем нашай веры», – адзначыла Тэкі. Паводле яе, найбольшая моц шартрскай пілігрымкі «заключаецца ў традыцыі, якая не адаптуе свой змест да грамадскіх зменаў, але застаецца адданай падмурку веры».

Пілігрымы на шляху ў Шартр

Але хоць святая Імша ў Шартры цэлебруецца паводле трыдэнцкага абраду, удзельнікі пілігрымкі паходзяць з больш шырокіх, чым «традыцыйных» колаў. Кс. Мацье Рафрэ з Інстытуту Добрага Пастыра, які ўдзельнічае ў пілігрымцы штогод з самага дзяцінства, адзначыў, што сёлета ў яе пайшлі таксама нядаўна навернутыя католікі і нават нехрысціяне. Паводле яго, у апошнія чатыры гады ў Францыі назіраецца пэўнае «адраджэнне веры», што відаць у росце колькасці хрышчэнняў у краіне: «Моладзь шукае сапраўднай, асэнсаванай, традыцыйнай і руплівай веры. Гэтыя маладыя людзі, якія не паходзяць з каталіцкіх сем’яў, уцякаюць ад расчараванняў сучаснага свету і шукаюць прытулку ў традыцыйнай каталіцкай веры. Яны шукаюць трансцэндэнтнасці, праўды і вабяцца вечнымі рытуаламі».

Кс. Рафрэ адзначыў, што пілігрымка ў Шартр паказвае, наколькі «традыцыя місійная, як яна евангелізуе, як яна здольная дасягнуць тых, хто далёкі ад Касцёла, і тых, хто ўцёк ад Касцёла».

Пра рост хростаў у Францыі паведамляе і мясцовая Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў. Паводле яе, падчас сёлетняй Пасхальнай вігіліі ў краіне было ахрышчана больш за 12 тысяч чалавек.

Сярод іх – 7135 дарослых, 36% з якіх ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, і 5000 маладзёнаў ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў. Пры гэтым колькасць хростаў дарослых у Францыі няўхільна расце ўжо каля дзесяці гадоў і практычна ва ўсіх дыяцэзіях.

Аліўе Леборнь, біскуп Араса і старшыня Камісіі катэхізацыі і катэхуменату ККБФ, кажа, што колькасць новых хростаў набыла «ашаламляльныя памеры». На думку біскупа, магчыма, «Бог бярэ справу ў свае рукі» з улікам сучаснага часам дэзарыентаванага і разгубленага свету і Касцёла.

Кс. Вінсэн Брэйнар, кіраўнік душпастырства моладзі і пакліканняў Канферэнцыі біскупаў Францыі, распавёў katholisch.de, што гэтая з’ява закранае не толькі вялікія гарады, але і працоўныя мястэчкі і сельскую мясцовасць. Паводле яго, яна з’яўляецца вынікам «сапраўднай духоўнай прагі і пошуку сэнсу ў секулярызаваным грамадстве». Шмат хто ў якасці матывацыі прыводзіць сведчанні веры ў інтэрнэце, іншыя кажуць пра прыгажосць літургіі ці заспакаяльную цішыню ў касцёле.

Часта маладыя людзі шкадуюць пра рашэнні бацькоў не хрысціць іх, адзначыў святар. Шмат на каго ўплывае вера іх дзядуляў і бабуль, дзяліцца якой у лісце да моладзі «Christus Vivit», апублікаваным у 2019 годзе, заклікаў Папа Францішак.

Пры гэтым як біскуп Лебронь, так і кс. Брэйнар адмаўляюць існаванне нейкай адмысловай праграмы для катэхізацыі моладзі. Тым не менш, яны прызнаюць, што значны ўнёсак у евангелізацыю робяць разнастайныя каталіцкія рухі, у тым ліку скаўты, якія, акрамя духоўных практыкаванняў, таксама ладзяць летнікі адпачынку і паездкі ў вядомыя святыні. «Моладзь падыходзіць да пытання веры больш адкрыта за папярэднія пакаленні», – лічыць Катрын Шэвалье, кіраўніца нацыянальнай службы катэхізацыі і катэхуменату Канферэнцыі біскупаў Францыі.

Катэдра ў Шартр, від з паўднёвага боку

Разам з тым кс. Брэйнар адзначыў, што важным заданнем для Касцёла ў Францыі будзе прыняцце і інтэграцыя новых катэхуменаў: «Іх шлях і іх рашэнне стаць хрысціянамі з’яўляюцца выклікам для іх сем’яў і сяброў у школе. Але яны таксама кідаюць выклік сістэме душпастырства моладзі і парафіям, якія павінны падрыхтавацца да прыёму і інтэграцыі». Тым не менш, святар не сумняваецца, што маладых людзей, якія прымуць хрост у 2025 годзе, «несумненна, будзе больш».

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі