Папа на стадыёне ў Дуале: дзяліцца і быць салідарнымі з іншымі

З заклікам да салідарнасці і любові да бліжняга звярнуўся да камерунскіх вернікаў Папа Леў XIV. Юнакоў і дзяўчат ён заахвоціў не паддавацца спакусам і жыць паводле каштоўнасцяў веры, сям’і, гасціннасці і працы.

17 красавіка 2026 года ў рамках апостальскага падарожжа ў Афрыку Папа Леў XIV узначаліў урачыстую Святую Імшу на стадыёне “Япома” (Japoma Stadium) у горадзе Дуала, дзе сабраліся каля 600 тысяч вернікаў.

Падзея стала адной з найбольш маштабных падчас яго візіту ў Камерун. Футбольны стадыён, на якім адбылася літургія, быў пабудаваны да Кубка Афрыкі 2021 года. Размешчаны на ўзвышшы, ён з’яўляецца часткай вялікага спартыўнага комплексу. Яго будаўніцтва суправаджалася маштабнымі інфраструктурнымі праектамі, пашырэннем дарог, развіццём электрасетак і водазабеспячэння.

Перад Імшой Святы Айцец праехаў па стадыёне на папамабілі, вітаючы вернікаў, якія адказвалі з вялікім энтузіязмам. У гаміліі, якую ён прамовіў на французскай і англійскай мовах, Папа звярнуўся да евангельскага ўрыўка пра цуд размнажэння хлеба і рыбы (Ян 6:1-15). Ён падкрэсліў, што гэтыя словы застаюцца актуальным для ўсяго чалавецтва, у тым ліку і для Касцёла Камеруна.

Пытанне Езуса аб тым, як накарміць людзей, адрасаваны кожнаму з нас. Яно адрасавана бацькам і маці, якія клапоцяцца пра свае сем’і, пастырам, якія прыглядаюць за паствай Пана, усім, хто нясе сацыяльную і палітычную адказнасць за народ і яго дабрабыт. “Хрыстус задае гэтае пытанне моцным і слабым, багатым і бедным, маладым і пажылым, таму што ўсе мы адчуваем голад. Гэта нагадвае нам аб тым, што мы жывыя істоты. Нам трэба есці, каб жыць”, — сказаў Пантыфік.

Гатоўнасць дзяліцца з іншымі

Езус дае свой адказ: Ён “узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў” (Ян 6:11). Дзяленне, сумеснае ўжыванне – вось цуд! Хлеб ёсць для ўсіх, калі яго даваць усім, — адзначыў Папа Леў XIV, тлумачачы, што сапраўдная сіла заключаецца не ў назапашванні, а ў гатоўнасці дзяліцца з іншымі з удзячнасцю за тое дабро, якім Айцец благаславіў увесь народ, — адзначыў Святы Айцец.

Неабходнасць духоўнай ежы

Падобна гэтаму цуду кожны наш учынак салідарнасці і прабачэння, любая ініцыятыва на карысць дабра — гэта кавалак хлеба для чалавецтва, які мае патрэбу ў клопаце. І ўсё ж гэтага недастаткова. Акрамя фізічнай ежы, чалавеку патрэбна і духоўная – тая, што ўмацоўвае сумленне і дапамагае перажыць цёмныя гадзіны страху і пакут. Гэта духоўная ежа – Хрыстус, які няспынна падтрымлівае і ўмацоўвае Касцёл, а Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай абноўленай веры, нагадваючы аб тым, што Езус прысутнічае сярод нас, — сказаў Папа, заклікаючы вернікаў быць сведкамі Хрыста і дзейнічаць з любоўю.

Заклік да моладзі

Папа Леў XIV звярнуўся да моладзі, назваўшы яе “умілаванымі дзецьмі афрыканскага кантынента”. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат развіваць свае таленты з дапамогай веры, настойлівасці і сяброўства, несці сваім блізкім “хлеб жыцця” і адхіляць тое, што пазбаўляе іх годнасці.

Нягледзячы на багацце камерунскай зямлі, многія сутыкаюцца як з матэрыяльнай, так і з духоўнай беднасцю. “Не паддавайцеся недаверу і адчаю. Адхіляйце любыя формы злоўжыванняў або гвалту, якія падманваюць, абяцаюць лёгкую нажыву і робяць сэрца зацвярдзелым і нячулым”, — заклікаў Пантыфік, заахвочваючы маладых камерунцаў будаваць будучыню на каштоўнасцях – веры, сям’і, гасціннасці і працы.

Абвяшчаць веру як першыя хрысціяне

Папа заклікаў вернікаў браць прыклад з першых хрысціян, якія, нягледзячы на цяжкасці і пераслед, смела сведчылі пра Хрыста і нястомна абвяшчалі Евангелле. “Станьце Добрай навіной для сваёй краіны, як, напрыклад, благаслаўлёны Фларыбэр Бвана Чуі для кангалезскага народа”, — сказаў ён.

Святы Айцец параўнаў абвяшчэнне Добрай навіны з працай земляроба: як ён арэ зямлю, каб зерне прынесла плён, так і чалавек, які вучыць і робіць дабро, пакідае след у гісторыі, змяняючы сэрцы і розумы людзей. “Давайце папросім Пана памножыць Яго даброты на ўсіх нас”, — завяршыў гамілію Папа.

Марыя Валодзіна – беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку