Касцёл у Францыі суправаджае Алімпіяду

З нагоды летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы, якія распачаліся 26 ліпеня 2024 года, Каталіцкі Касцёл у Францыі ініцыяваў шэраг спадарожных мерапрыемстваў.

У рамках так званых Святых гульняў, на працягу Алімпіяды і Паралімпіяды пройдуць малітвы, канцэрты і спартыўныя мерапрыемствы з мэтай прасоўвання ідэі салідарнасці і абвяшчэння хрысціянскага паслання. Адрасатамі ініцыятывы Парыжскай архідыяцэзіі і епіскапату Францыі стануць каля 10 тысяч спартсменаў, удзельнікаў Гульняў, а таксама 15-20 мільёнаў чаканых гасцей Алімпіяды.

40 святароў, якія любяць спорт і размаўляюць на розных мовах, прайшлі спецыяльную падрыхтоўку для душпастырства падчас Святых гульняў, за рэалізацыю якіх адказваюць 2 тысячы маладых валанцёраў з розных рэгіёнаў Францыі.

У 70 парыжскіх парафіях вакол алімпійскіх аб’ектаў касцёлы будуць адкрыты ўвесь дзень. Увага будзе нададзена людзям з абмежаванымі магчымасцямі, асабліва падчас Паралімпійскіх гульняў. Місіянеры маюць намер прапаведаваць Евангелле на вуліцах Парыжа, распаўсюдзіць 130 тысяч асобнікаў Бібліі і маліцца за гасцей гэтага грандыёзнага спартыўнага свята.

Цэнтральнай Алімпійскай парафіяй стаў касцёл Ля Мадлен – святой Марыі Магдалены. У самым вядомым касцёле Парыжа – саборы Нотр-Дам, 4 жніўня 2024 года адбудзецца міжрэлігійная малітоўная сустрэча за мір.

Папа Францішак прызначыў свайго спецыяльнага пасланніка на Алімпіяду – біскуп Эмануэль Габіляр на час правядзення Гульняў перанёс сваю штаб-кватэру ў мультырэлігійны цэнтр Алімпійскай вёскі.

Трэба адзначыць, што падчас свайго падарожжа па Францыі алімпійскі агонь спыняўся ў многіх хрысціянскіх месцах, каб падкрэсліць хрысціянскае вымярэнне Гульняў.

Напярэдадні адкрыцця Алімпіяды ў кафедральным саборы Сен-Дэні, некропалі французскіх каралёў, усяго за некалькі сотняў метраў ад алімпійскіх спартыўных аб’ектаў, прайшло малітоўнае чуванне.

«Мы хацелі паказаць спартсменам, што мы з імі і будзем маліцца за іх. Алімпіяда – гэта важная падзея, але нават падчас Гульняў нельга адсоўваць Бога ўбок», — сказала Жульет Марыён, каардынатар малітоўнай ініцыятывы.

Арганізатары падрыхтавалі для алімпійцаў сімвалічнае паломніцтва да рэліквій святога Дыянісія ў крыпце сабора. Яны хацелі нагадаць спартсменам, што хоць на стадыёне яны становяцца сапернікамі, але не перастаюць быць братамі. Усе яны атрымалі цудадзейны медальён Беззаганнай Марыі з аб’яўленняў святой Кацярыны Лябурэ ў капліцы на парыжскай вуліцы дзю Бак, а таксама запаленую свечку.

Малітва за спартсменаў будзе ісці на працягу ўсёй Алімпіяды, а затым і Паралімпіяды ў дзесяці парыжскіх кляштарах. 8 верасня 2024 года, ужо пасля заканчэння Паралімпіяды, у тым жа саборы Сен-Дэні будзе адпраўлена Імша на заканчэнне Гульняў.

Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Vatican News

для друку для друку