Касцёл у другі раз адзначыць Нядзелю Божага слова

На гэтым тыдні Касцёл у другі раз адзначыць Нядзелю Божага слова, устаноўленую Апостальскім лістом Папы Францішка Aperuit illis, выдадзеным 30 верасня 2019 года, у 1600-ю гадавіну смерці св. Гераніма.

Нядзеля Божага слова адзначаецца заўсёды ў ІІІ Звычайную нядзелю, у перыяд года, калі католікі закліканы да ўмацавання сувязі з юдэямі і малітвы аб еднасці хрысціян. “Святое Пісанне ўказвае тым, хто яго слухае, шлях да дасягнення сапраўднай і моцнай еднасці”, — напісаў Пантыфік у Апостальскім лісце.

Святы Айцец заўважыў, што Біблія не можа ўспрымацца ў якасці зборніка кніг, прызначанага для невялікай групы асоб. Яна належыць у першую чаргу людзям, якія сабраліся слухаць Божае слова і знайсці сябе ў ім.

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць гамілій падчас св. Імшаў. Трэба тлумачыць Святое Пісанне “простай мовай, адпаведнай тым, хто слухае”. “Для многіх нашых вернікаў, гэта адзіная магчымасць для пазнання прыгажосці Божага слова, усведамлення яго сувязі з штодзённым жыццём. Нельга імправізаваць у каментаванні святых чытанняў”, — напісаў Папа Францішак.

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак пра сустрэчу Езуса з вучнямі, якая адбылася па дарозе ў Эмаўс, Папа звярнуў увагу на сціслую лучнасць Святога Пісання з Эўхарыстыяй, паколькі “Біблія – гэта не зборнік гістарычных кніг і не хроніка. Яна цалкам скіравана на цэласнасць збаўлення асобы”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку