Лета – цудоўны час. Час падарожжаў і адпачынку, час пілігрымак, малітвы і спатканняў, час неверагодных сустрэч. Менавіта на такую незвычайную сустрэчу з усіх куточкаў Беларусі і замежжа прыбылі вернікі ў Браслаў. Тут, у краі Блакітных азёраў, 19-20 жніўня адбылася сустрэча з Нябеснай Маці, Валадаркай Азёраў.
Спатканне з Маці, якое яно? Доўгачаканае, цёплае, шчымлівае, напоўненае малітвай, шчырай размовай і бясконцай верай у тое, што Яна побач і заступаецца перад Нябесным Айцом за кожнага.
Урачыстасці распачаліся ўвечары 19 жніўня прывітаннем пілігрымаў, якія прыбылі ў Браслаў пешшу. Гэта ўдзельнікі пілігрымкі Глыбокае–Браслаў пад кіраўніцтвам кс. Мікалая Ціхановіча. Разам за тры дні вернікі і пяць святароў пераадолелі шлях каля 90 кіламетраў.
Таксама пешшу больш за 90 кіламетраў прайшлі ўдзельнікі экстрымальнай пакутніцкай пілігрымкі Удзела–Браслаў. Разам з айцом Віктарам Мялешка OFMConv прыйшлі 9 пілігрымаў.
Святая Імша распачалася а 19 гадзіне. Ужо добрай традыцыяй стала ўдзяленне сакраманту бежмавання маладым людзям з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі. 76 вернікаў з рук біскупаў Алега Буткевіча і Юрыя Касабуцкага прынялі сакрамант хрысціянскай сталасці.
Звярнуўшыся да моладзі, біскуп Юры запрасіў іх па прыкладу апосталаў і Марыі быць сведкамі веры і без страху дзяліцца ёй у сваім хрысціянскім жыцці.
Пасля святой Імшы адбылася канферэнцыя на тэму “Будучыня сям’і ў руках Марыі”, якую прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Прыемным падарункам для ўсіх прысутных стаў канцэрт камернага хору Salutaris пад кіраўніцтвам Вольгі Янум. Пасля канцэрту Акафіст да Маці Божай маліліся вернікі грэка-каталіцкай Царквы на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам.
А 23.15 гадзіне пілігрымы, што прыбылі на сустрэчу з Маці, сабраліся на ружанцовую малітву. Святары і сёстры, кансэкраваныя і свецкія асобы, дарослыя і дзеці з ружанцамі ў руках ішлі працэсіяй вуліцамі горада. Крочачы за цудадзейным абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў, прасілі заступніцтва для кожнай хрысціянскай сям”і.
Да Маці Божай, Каралевы супакою. Узносілі свае малітвы падчас святой Імшы апоўначы. Гэтую Эўхарыстыю ўзначаліў пастыр Віцебскай дыяцэзіі, біскуп Алег Буткевіч.
Кульмінацыяй урачыстасцяў стала святая Імша ўдзень. Яна адбывалася на палявым алтары. Сімвалічна, што палявы алтар у Браславе выглядае быццам карабель. Цэнтральнае месца на ім займае алтар, на які прыходзіць Хрыстос падчас Эўхарыстыі. А побач знаходзіцца абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў. Так і на караблі нашага жыцця: калі сустрэнемся з Маці Божай, мы наблізімся да Хрыста, Валадара і капітана нашага жыцця, то буры і хвалі не страшныя, а ў сэрцы трывае вера і супакой.
Эўхарыстыя – гэта падзяка. І шматлікія словы падзякі прагучалі на ўрачыстай Імшы. Біскуп Алег найперш падзякаваў прысутным іерархам: біскупу Казіміру Велікасельцу з Пінскай дыяцэзіі, біскупам Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку.
Словы падзякі гучалі ў адрас святароў і пробашча санктуарыя, а таксама айца Юзафа Фігеля SDS, правінцыяла супольнасці айцоў сальватарыянаў.
Падчас гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разважаў пра асобу Марыі, Маці Бога і нашай Маці. Яна прыносіць у Касцёл, Божы дом мацярынскія сардэчнасць і пяшчоту. Яе матчын клопат ніколі і нікога не абміне.
“Найпрыгажэйшая мелодыя – гэта цішыня” – зазначыў арцыпастыр. І запрасіў вернікаў да засяроджвання ў цішыні каля сэрца Нябеснай Маці.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота
