У барацьбу з каронавірусам у Бразіліі ўключыўся карабель-бальніца імя Папы Францішка, які ўжо амаль два гады аказвае медыцынскую дапамогу насельніцтву ўзбярэжжаў Амазонкі.
«Карабель ужо зрабіў цуды, несучы надзею народам, што пражываюць уздоўж ракі. Мы не маглі не ўдзельнічаць у барацьбе з COVID-19», — заўважыў брат Жоэль Соуза, член каманды карабля. Інтэрв’ю з ім было апублікавана на сайце Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM).
Барацьба з новым выклікам патрабавала адпаведнай рэарганізацыі, мабілізацыі адмысловых спецыялістаў і набыцця неабходных сродкаў абароны. Акрамя аказання амбулаторнай медыцынскай дапамогі першага ўзроўню, экіпаж карабля займаецца інфармаваннем мясцовага насельніцтва.
Карабель-бальніца распачаў плаванне восенню 2018 г. Мэта праекту, у якім удзельнічаюць урачы розных спецыяльнасцей, заключаецца ў аказанні дапамогі сотням тысяч бразільцаў, якія жывуць далёка ад бальніц. Для многіх з іх гэта адзіная магчымасць сустрэцца з урачом, асабліва са спецыялістам у адмысловай сферы.
На 32-мятровым судне ёсць усе неабходныя сродкі для дыягностыкі, лячэння, шпіталізацыі і прафілактыкі. Бальніца мае лабараторыю, дзе можна зрабіць асноўныя аналізы, аптэку, аперацыйную залу, а таксама дыягнастычную частку, абсталяваную рэнтгенаўскім, ультрагукавым і мамаграфічным апаратамі.
Большасць працэдур праводзіцца на месцы, але для сур’ёзных хірургічных аперацыі пацыентаў дастаўляюць у іншыя бальніцы краіны. Для хуткай дапамогі выкарыстоўваюцца дзве маторныя лодкі, якімі можна дабрацца да самых аддаленых мясцовасцей. На борце працу 23 урача, у каманду ўваходзяць таксама святары і манахіні.
Да ўзнікнення праекту прычыніўся Папа Францішак. У рамках удзелу ў Сусветных днях моладзі, ў 2013 г. у Рыа-дэ-Жанейра, ён наведаў шпіталь для бедных, якім апякуюцца францішкане і выказаў пажаданне, каб яны ажыццяўлялі сваю дзейнасць таксама ў Амазоніі.
У 2018 г. праект карабля-бальніцы быў прадстаўлены Святому Айцу і атрымаў яго благаслаўленне. Папа ахвяраў для праекту некаторае медыцынскае абсталяванне. Падчас барацьбы з каронавірусам бальніца-карабель таксама атрымлівае дапамогу праз Апостальскую нунцыятуру ў Бразіліі.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
