Кананічнае ўступленне на пасаду арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адбудзецца ў кастрычніку

Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі паведамляе, што 23 кастрычніка адбудзецца кананічнае ўступленне на пасаду новапрызначанага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, Папа Францішак прызначыў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Юзафа Станеўскага, тытулярнага біскупа Табаікары, да гэтага часу — дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі. Да моманту яго кананічнага ўступлення на пасаду пастырскае кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй здзяйсняе Апосталькі адміністратар sede vacante біскуп Казімір Велікаселец.

Цырымонія кананічнага ўступлення на пасаду прызначанага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага адбудзецца ў суботу 23 кастрычніка падчас урачыстай святой Імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску. Пачатак ў 11.00.

Адрас: пл. Свабоды, 9.

Праз тыдзень пасля гэтага, 30 кастрычніка, адбудзецца інгрэс, або ўрачысты ўваход, Мітрапаліта Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў гістарычную магілёўскую катэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Пачатак у 18.30.

Catholic.by

 

для друку для друку